Этнаграфічны куток «Спадчына» з’явіўся ў СШ №1 г.Сянно
Серп, гэблік, калаўрот, гладыш – словы знаёмыя амаль кожнаму беларусу. Элементы даўніны, якія раней былі неад’емнай часткай побыту сялян, сёння можна знайсці толькі на паліцах музеяў.
Этнаграфічны куток «Спадчына» СШ №1 г.Сянно створаны ў рамках інавацыйнага праекта «Укараненне мадэлі выкарыстання драматызацыі як сродку духоўна-маральнага развіцця навучэнцаў», расказала Таццяна Кучынская, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце.
Ён знаходзіцца ў асобным памяшканні і знаёміць з асаблівасцямі побыту беларусаў. Умоўна пакой можна падзяліць на дзве часткі: гарадская плошча, на якой падчас кірмашоў лдзіліся батлеечныя спектаклі, і вёска XIX — XX стагоддзя.
Тут сабрана больш за 100 унікальных экспанатаў. Вялікую цікавасць выклікаюць прылады, якімі карысталіся нашы продкі ў паўсядзённай працы. Граблі, маслабойка, піла, кораб, сплецены з лубу і саломы. Шырока прадстаўлены калекцыі сталярных інструментаў, сярпоў, прасаў. Ганаровае месца займае саха.
Падчас экскурсій школьнікам расказваюць пра інтэр’ер традыцыйнага жылля сялян, адзенне, заняткі, якімі займаліся беларусы доўгімі зімовымі вечарамі, як адпачывалі ў святочныя дні. Тут і прадметы хатняга ўжытку, і мастацкая вышыўка, і плеценыя, тканыя вырабы. Сваёй разнастайнасцю здзіўляюць ручнікі, якіх тут таксама нямала. Самаму старэйшаму экзэмпляру больш за 100 гадоў.
У этнаграфічным кутку дзяўчаты могуць адчуць сябе сапраўднымі гаспадынямі: пакруціць кола калаўрота, патрымаць у руках верацяно, адпрасаваць ільняны ручнік. Хлопцы — адчуць моц гандлярскіх прыладаў, даведацца аб прызначэнні бязмена, убачыць сапраўдныя лапці.
Сваё месца ў пакоі знайшла выстава вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, зробленых таленавітымі настаўнікамі і вучнямі.
Этнаграфічны куток, над стварэннем якого працавалі амаль 2 гады, расчыніў свае дзверы зусім нядаўна, але за гэты час у ім пабывала шмат гасцей. Акрамя школьнікаў на экскурсію прыходзілі выхаванцы дзіцячага сада №1 г.Сянно.
Вольга КАРПАВА.
Фота аўтара.