«Лёсы: яны набліжалі пераможны Май!»
«Лёсы: яны набліжалі пераможны Май!» — так называецца праект, які запускае рэдакцыя раённай газеты «Голас Сенненшчыны», прысвечаны 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Так, на старонках выдання будуць друкавацца матэрыялы пра ўдзельнікаў вайны і працаўнікоў тылу, пра тых, хто стаў на абарону сваёй Бацькаўшчыны.
Гісторыяй пра жыццё сваіх прапрадзедаў у перыяд 1941-1945 гг. падзялілася Аляксандра Броўка, вучаніца 8 класа Сенненскай сярэдняй школы №2. Прыемна, што менавіта матэрыял, напісаны прадстаўніком маладога пакалення, адкрывае праект.
Вялікая Айчынная вайна, якая не абыйшла ні адну сям’ю, ні адзін двор, пакінула слёзы, разбурэнні і незагойныя раны. Мой прапрадзед Патап Аляксеевіч Гарнак і яго жонка Еўфрасіння Калістратаўна выхоўвалі сямёра дзецей. Жылі ў в.Трубаносы Сенненскага раёна. Калі пачалася вайна, іх старэйшы сын Уладзімір (яму было 19 гадоў) цішком ад бацькоў уцёк на фронт. Не паспела бабуля супакоіцца, як немцы пайшлі ў наступленне — трэба было ратаваць дзяцей.
Старэйшыя дзеці разам з бацькамі ноччу выкапалі ў садзе невялічкі акопчык, закрылі яго чым маглі і хаваліся ў ім у час абстрэлаў і варожых атак. Гітлераўцы лютавалі. Самалёты паласавалі неба, скідвалі бомбы, а ў ліпені пачалося знакамітае танкавае пабоішча. Грымела і гарэла ўсё вакол. У адзін з такіх дзён прабабуля разам з дзецьмі схавалася ў бліндажы і самаму малодшаму Сцёпку закрывала вочы далоняй, каб трохгадовае дзіця не бачыла танкі, якія руйнавалі ўсё навокал. Але не ўберагла. Яго сэрца не вытрымала, калі жалезная махіна праскочыла над бліндажом. Маленькае цельца пахавалі толькі праз некалькі дзён, бо ў вёсцы былі ўжо немцы. Наводзілі свае парадкі: «пачысцілі» кожны падворак, у школе зрабілі паліцэйскі ўчастак і сагналі туды хлопцаў-падлеткаў і мужчын, якія па пэўных прычынах не пайшлі на фронт. Забралі з сям’і маіх продкаў і Ягора, шаснаццацігадовага падлетка. Прапрабабуля галасіла, у нагах варожых валялася, але дзе там. Ударылі кірзавым ботам так, што доўга яшчэ ляжала як нежывая. А ранкам немцы зноў завіталі ў хату. Выстраілі ўсіх у рад і папярэдзілі, што калі не скажуць, дзе Ягор, то ўсіх расстраляюць. Высветлілася, што той ноччу ўцёк у лес.
Прапрадзед быў непісьменны, але восем гадоў у Першую сусветную вайну быў у нямецкім палоне і таму крыху ўмеў «шпрэхаць». Ён патлумачыў афіцэру, што «сына вы забралі, мы нічога не ведаем». Ці на шчасце, ці на бяду, але яму паверылі. Затое к суседзям падсялілі паліцэйскага, які сачыў за хатай і страляў, калі хто выходзіў. Праблемай стала пакарміць сям’ю. Дзеці галадалі, і па вясне апошні сын пасля доўгага недамагання памёр. Еўфрасіння Калістратаўна змардавалася ад гора і пакут. Пра старэйшага сына не было вестак, сярэдні Ягор партызаніў і ў вёску, дзе быў паліцэйскі ўчастак, зразумела, зайсці не мог. Дочкі пухлі ад дрэннай ежы, бо ў муку дабаўлялі лебяду, мякіну, сабраную вясной з палёў леташнюю бульбу. За ёй замацавалася нават назва «ташноцікі».
Але людзі жылі надзеяй на лепшае, на тое, што сустрэнуцца са сваімі блізкімі. Колькі прабабуля прастаяла на каленях перад іконай, колькі слёз выплакала, колькі вытрымала — адзін Бог ведае.
У 1943-м разам з надзеяй на вызваленне з’явіўся страх за сваіх родных. Немцы лютавалі: спальвалі вёскі, расстрэльвалі сем’і партызан, адпраўлялі людзей у канцлагеры. Хтосьці са знаёмых перадаў, што гітлераўцы акружылі партызанскую зону і трымаюць яе ў блакадзе.
Еўфрасіння Калістратаўна сабрала ў вузялок дзясятак курыных яек і пайшла шукаць сына. Прапрадзед злаваўся, крычаў што яна за смерцю ідзе, але тая была спакойная. Пасля расказвала, што калі яе спыніў першы нямецкі пост, — думала, што памрэ. Але не памерла. Аднаму налгала, другому дурніцай прыкінулася, трэцяму апошнія яйкі аддала — толькі б уба чыць сына, малалетняга ваяку. Ішла і думала: «Вось вазьму лазіну і паганю дадому». Колькі прайшла — не ведала. На трэція суткі добрыя людзі дапамаглі сустрэцца з сынам. Убачыла і не пазнала. Лысы дзядок глядзеў на яе роднымі блакітнымі вачыма. Гладзіла шурпатымі далонямі яго галаву і з-за слёз нічога не бачыла: жывы — стукала матчына сэрца.
Дома расказала, што «гніюць» сынкі ў балоце, нават рамяні, калі ў каго былі, паелі. А яшчэ, што «больш не будзе Ягор прыгожым, засталіся яго кучаравыя валасы ў дрыгве». Праз нейкі час партызаны прарвалі блакаду, злучыліся з часцямі Савецкай арміі, і малады баец Ягор Гарнак працягваў верай і праўдай служыць сваёй Бацькаўшчыне. А лысая галава яму ніколі не перешкаджала ні ў ліхія гадзіны, ні ў пасляваенны час.
Даў знаць пра сябе і старэйшы сын. Старшы сяржант Уладзімір Гарнак дакладваў сваім бацькам аб паспяховым наступленні на тэрыторыі Украіны, спадзяваўся на хуткую сустрэчу. Але яна не адбылася. Афіцыйная паперка прынесла горкую навіну: Уладзімір Патапавіч прапаў без вестак. Доўгія гады чакала маці сына з вайны. Самастойныя пошукі праз архівы і ваенкаматы не далі выніку. Калі ў адной з дачок нарадзіўся сын, папрасіла назваць яго ў гонар салдата — Валодзем. Толькі ў 80-я гады сям’я даведалася, што іх Уладзімір загінуў у 1944-м ва Украіне.
Два гады назад супрацоўнікі раённай бібліятэкі дапамаглі маёй бабулі Валянціне знайсці інфармацыю, што камандзір разліку мінамётнай батарэі старшы сяржант Уладзімір Патапавіч Гарнак узнагароджаны медалём «За адвагу».
… Жыццё прадаўжаецца. Мы едзем да бабулі ў тую самую вёсачку, але з новай прыгожай назвай Сінягорская. Нас заўсёды сустракае помнік загінуўшым салдатам і хлебнае поле, на якім калісьці гарэлі танкі. Ластаўкі ўзносяцца пад самае неба і быццам бы кранаюць крыламі хмары. Жыццё прадаўжаецца. Мы, маладое пакаленне, сёння гаворым дзякуй тым, хто даў нам магчымасць жыць пад светлым, мірным небам.
Падрыхтавала Ала ЯКАЎЛЕВА.