Аграхолдынг пачынае жніво на Сенненшчыне
На Віцебшчыне пачалася ўборка азімай свірэпіцы. У Сенненскім раёне працуе зернеўборачны камбайн ААТ “Віцебскі мясакамбінат”.
У першы дзень работы Леанід Парамонаў на палетках структурнага падраздзялення ААТ “Бяленева” аграхолдынга на сваім “New Holland” намалаціў 11 тон зерня.
— Усяго ў сельгасарганізацыі гэтай культурай занята 73 га. Жніво пачалося на палетках з лёгкімі пясчанымі глебамі. На жаль, месцамі свірэпіца на іх з-за недахопу вільгаці яўна не дабрала ўраджайнасці, — не хавае Эдуард Гуляеў, аграном ААТ “Віцебскі мясакамбінат”.
Крыжакветнай культурай на Сенненшчыне занята 339 га. У райсельгасхарчы разлічваюць, што тэхніка аграхолдынга прыйдзе на дапамогу не толькі сваім структурным падраздзяленням, але і іншым сельгасарганізацыям рэгіёна.
Аляксандр Яўгенаў.