Сезон восеньскіх кірмашоў адкрыўся гандлем у Сянне
У суботу выручка ад рэалізацыі сельскагаспадарчай і іншай прадукцыі склала прыблізна каля 30 тыс. рублёў. Асабліва ў шырокім асартыменце была прадстаўлена сельскагаспадарчая прадукцыя. Арганізацыі АПК, фермеры рэалізоўвалі зерне, бульбу, капусту, іншую гародніну, а таксама сажалкавую рыбу, саджанцы пладовых дрэў, кустоў, у тым ліку, дэкаратыўных. Зрэшты, падобную прадукцыю можна было набыць і ў іншых прадаўцоў: на прылаўках школ, індывідуальных прадпрымальнікаў. Як і сталярныя вырабы, падзелкі, адзенне. А колькі ўстаноўлена неабходных кантактаў, якія прывядуць да набыцця неабходнай прадукцыі ў будучым. Такі вывад можна было зрабіць, наглядаючы за прылаўкам РУП ЖКГ. Людзі падыходзілі да выстаўленай на агляд прадукцыі, кансультаваліся са спецыялістамі.
— У сельскагаспадарчым кірмашы ўдзел прыняў 31 суб’ект гаспадарання, — удакладніла Інэса Гардзецкая, начальнік аддзела эканомікі Сенненскага райвыканкама.
Надвор’е садзейнічала гандлю, настрой пакупнікам і прадаўцам падтрымлівалі самадзейныя артысты, музыка, што гучала з дынамікаў гукаўзмацняльнай апаратуры. На жаль, арганізатары кірмашовага гандлю дапусцілі і пралікі. Ва ўсякім разе не былі ўлічаны змены, што ўнесены Міністэрствам унутраных спраў у правіла правядзення масавых мерапрыемстваў. У сувязі з падзеямі ў Еўропе, дзе тэрарысты выкарыстоўвалі аўтатранспарт, як сродак нападу, яго праезд у месцы масавага скаплення людзей, забаронены і ў Беларусі.
— Трагічныя здарэнні ў час правядзення кірамашоў зарэгістраваны летась у Беларусі. Таму і ўнесены змены, — растлумачыў інспектар Дзяржаўнай інспекцыі аддзялення ДАІ раённага аддзела ўнутраных спраў Дзяніс Глухароў.
У выніку, набыўшы тавар, людзі вымушаны былі насіць яго за сотні метраў. Што, зразумела, выклікала ў людзей незадаволенасць. Зрэшты пад канец гандлю ў распараджэнні людзей з’явіліся падсобныя транспартныя сродкі, прадастаўленыя арганізатарамі, нехта выкарыстоўваў уласныя прыстасаванні, веласіпеды.
— Сезон сельскагаспадарчых кірмашоў у раёне толькі пачынаецца. Хочацца спадзявацца, што гэтыя і іншыя нюансы будуць улічаны, а хібы выпраўлены да ўзаемнага задавальнення прадаўцоў і пакупнікоў.
Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.
Фота аўтара.
Кірмаш пройдзе раней
Перагледзены графік правядзення восеньскіх сельскагаспадарчых кірмашоў. У прыватнасці, у Багушэўску час яго правядзення перанесены з 13 кастрычніка на 6 кастрычніка.