Творческий отчет по итогам работы за прошлый год предоставили объединения по интересам Сенненского центра детей и молодежи
Песні, вершы, майстар-класы – ярка і цікава прайшла творчая справаздача па выніках работы за мінулы год аб’яднанняў па інтарэсах раённага цэнтра дзяцей і моладзі.
Пры РЦДіМ дзейнічала 69 аб’яднанняў, якія працавалі не толькі ў самім цэнтры, але і ў многіх школах раёна. На працягу навучальнага года іх наведвалі звыш 700 хлопчыкаў і дзяўчынак. Заняткі былі арганізаваны па васьмі профілях – тэхнічным, турысцка-краязнаўчым, эколага-біялагічным, фізкультурна-спартыўным, мастацкім, сацыяльна-педагагічным, культурна-досугавым і ваенна-патрыятычным.
Дадатковая адукацыя павялічвае прастору, у якой дзеці могуць развіваць сваю творчую і пазнавальную актыўнасць, рэалізоўваць свае асабістыя якасці, дэманстраваць тыя здольнасці, якія часта застаюцца незапатрабаванымі асноўнай адукацыяй. Галоўнае, дзіця само выбірае змест і форму заняткаў, можа не баяцца няўдач.
— Раённы цэнтр дзяцей і моладзі – гэта пляцоўка, дзе з дапамогай розных відаў творчасці юныя сенненцы выказваюць сваё стаўленне да свету, развіваюцца, вучацца са звычайных рэчаў рабіць штосьці прыгожае, — вітаючы гасцей мерапрыемства адзначыла Ала Чумакова, дырэктар установы. — Педагагічны калектыў ганарыцца сваімі выхаванцамі, верыць у іх, дапамагае развіваць у сабе талент.
Ганарыцца сапраўды ёсць чым. У 2018/2019 навучальным годзе выхаванцы аб’яднання “Галасок” станавіліся пераможцамі і прызёрамі не толькі раённых песенных конкурсаў, але і абласных. Эвеліна Рогава ў скарбонку перамог дабавіла Дыплом І ступені, атрыманы за ўдзел у Міжнародным тэлевізійным праекце “Кубок Дружбы”.
Гурток “Тэатральныя ступенькі” таксама рыхтуе артыстаў сцэны. У раённым конкурсе “Ранішняя зорка” калектыў “Задзірынкі” заняў трэцяе месца. Яны толькі пачынаюць сваю, так мовіць, творчую кар’еру, таму кіраўнік гуртка Алеся Цыва паабяцала, што пра гэтых хлопчыкаў і дзяўчынак жыхары Сенненшчыны яшчэ пачуюць.
Работы ўдзельнікаў гуртка “Лічбавік” годна былі адзначаны ў рэспубліканскіх конкурсах. Падчас святочнай праграмы дзеці прадэманстравалі свае фотаработы. Падзяліліся дасягненнямі ў стварэнні відэаролікаў.
Для хлопчыкаў і дзяўчынак, якія толькі на пачатку творчага развіцця, засваенне новага элемента вязання або шыцця, новай тэхнікі малявання, вывучэння песні ці проста вершыка — таксама поспех, які рана ці позна прывядзе да перамогі.
Прысутныя з цікавасцю глядзелі справаздачныя прэзентацыі, падрыхтаваныя дзецьмі і педагогамі. Маленькія гледачы ўдзельнічалі ў майстар-класах, арганізаваных Аленай Хлышчанка, кіраўніком гуртка “Чараўніцтва гульні” і Галінай Жарковай, якая вучыць працаваць з тканінай, саломкай у аб’яднаннях “Майстрылка”, “Залатая саломка”.
Навучэнцы, якія займаюцца ў гуртку “Спарта”, прадэманстравалі сілавыя элементы, асвоіць якія дапамог іх кіраўнік Алег Шумкоў. Сваім выступленнем парадавалі дзяўчаты-барабаншчыцы гуртка “Ансамбль барабаншчыц”. Яны ўдзельніцы не толькі раённых мерапрыемстваў. Прыемна, што на працягу многіх гадоў юныя сенненкі ўдзельнічаюць у фестывалі “Славянскі базар” у Віцебску.
Трымалі справаздачу і госці з раёна. Гурткоўцы аб’яднання “Пешаходны турызм”, які першы год працуе на базе Ходцаўскай ДССШ, паказалі як правільна вязаць петлі і вузлы. Спецыяльна для заняткаў у гуртку было закуплена неабходнае абсталяванне. “Дзецям падабаецца займацца тут, — адзначае іх кіраўнік Павел Распорскі. – Атрыманыя веды спатрэбіліся ім у час раённага турыстычнага злёта сярод школьнікаў, дзе яны годна прадставілі сваю ўстанову адукацыі”.
Хлопчыкаў і дзяўчынак, якія на працягу года праявілі найбольшую актыўнасць, узнагародзілі дыпломамі.
Падзячныя лісты атрымалі і некаторыя бацькі выхаванцаў.
Ганаровую грамату аддзела па адукацыі райвыканкама за плённую працу атрымала Алена Польская, педагог дадатковай адукацыі РЦДіМ, якая вядзе гурткі “Архітектурнае макетаванне” і “Акварэлькі”.
Па словах Алы Чумаковай, сучасная дадатковая адукацыя павінна мяняцца і адказваць не толькі запытам дзяцей і іх бацькоў, але і арыентавацца на патрэбы нашай дзяржавы, на тыя накірункі, якія стануць актуальнымі ў бліжэйшыя 5-10 гадоў. З новага навучальнага года ў ЦДіМ будуць адкрыты новыя аб’яднанні па інтарэсах тэхнічнага і турысцка-краязнаўчага профілю.
У перыяд канікул аб’яднанні працягнуць сваю работу. Педагогі будуць ладзіць забаўляльную праграму для дзяцей у дварах. А з 1 ліпеня на базе цэнтра пачне працаваць аздараўленчы лагер.
Ала ЯКАЎЛЕВА.