На бывших полях ОАО «Сенненский райагросервис» хозяйничают кормозаготовители открытых акционерных обществ «Белая Липа» и «Студёнка»
На былых сенажацях ААТ “Сенненскі райаграсэрвіс” гаспадараць корманарыхтоўшчыкі адкрытых акцыянерных таварыстваў “Белая Ліпа” і “Студзёнка”.
У аб’яднаны механізаваны атрад сабрана тэхніка і людзі не толькі сельгасарганізацый, на дапамогу вяскоўцам у перыяд напружанай працы прыйшлі гараджане. У прыватнасці, у складзе корманарыхтоўчага атрада – Алег Парахонька, пастаянным месцам працы якога з’яўляецца ДЭУ-38. Механізатар адвозіць зялёную масу з палеткаў, дзе працуюць КВК-800.
— Нічога незвычайнага я не раблю, праца звыклая, хоць доўжыцца больш працяглы час чым звычайна,- расказвае ён.- Каб механізатары працавалі прадукцыйна, яны забяспечваюцца двухразовым гарачым харчаваннем.
На трамбоўцы зялёнай масы заняты Канстанцін Лындзін, работнік РУП ЖКГ. Ён, дарэчы, на дапамогу ААТ “ Студзёнка” прыходзіць кожнае лета, а галоўнае, вызначаецца адказным стаўленнем да працы.
У аб’яднаны атрад ад кожнай сельгасарганізацыі ўваходзіць па адным корманарыхтоўчым камбайне, па некалькі трактароў з касілкамі, утваральнікамі валкоў, частка тэхнікі занята на адвозцы зялёнай масы.
— Акрамя таго, наш Кіравец працуе на трамбоўцы “зялёнкі”, а КЗР “Белай Ліпы” вядзе здрабненне травы напрамую. Яго “абслугоўваюць “ два МАЗы, бо валкі, нягледзячы на добры травастой, хутка перасыхаюць. Сакавітая зялёная маса ўраўнаважыць утрыманне вільгаці, а значыць і працэс сіласавання, — пасвячае ў тэхналагічныя дэталі Андрэй Дзядушка, галоўны аграном ААТ “Студзёнка”. Ён некалькі разоў на дні бывае на сенажацях, кантралюе ход работ, а за адно прывозіць сваім механізатарам ежу.
Сянажная траншэя, якую закладваюць на тэрыторыі Багданаўскага комплексу па вырошчванні буйной рагатай жывёлы, запаўняецца хутка. На тэмпах работ станоўча адбіваецца як зладжаная праца членаў мехатрада, так і багаты травастой на сенажацях і ля Гарыўца, і ля Багданава. Ён радуе сваёй біялагічнай масай і збалансаванасцю траў, дзе пераважаюць канюшына, люцэрна і злакавыя травы.
— І ў “Белай Ліпе”, і ў “Студзёнцы” даволі высокая шчыльнасць буйной рагатай жывёлы на адзін гектар зямельных угоддзяў. Так што лішнімі кармавыя адзінкі, нарыхтаваныя тут, у стойлавы перыяд утрымання жывёлы не будуць, — упэўнена Антаніна Сунцеева, першы намеснік начальніка райсельгасхарча.
Даволі прадукцыйна працуюць корманарыхтоўшчыкі і ў іншых сельгасарганізацыях раёна. А таму сёлета ўборка траў першага ўкосу вядзецца больш высокімі тэмпамі. Выхад кармавых адзінак з гектара сенажацяў, негледзячы на недахоп вільгаці ў глебе, таксама вышэйшы чым летась. А гэта ўжо плён мэтанакіраванай працы па пашырэнні пасеваў бабовых траў.
Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.
Фота аўтара.
На здымках: Дзмітрый Мастыка, камбайнер ААТ “Студзёнка” (крайні злева), яго калега Сяргей Распорскі з ААТ “Белая Ліпа”
( крайні справа), Алег Парахонька; Анатоль Атрашкевіч (Студзёнка) працуе на трактары, агрэгатаваным валаўтрывальнікам.