Интервью с Василием Чередником, председателем Сенненского райисполкома, про дела общественные и не только
Завяршыўся 2016 год. У памяці кожнага жыхара планеты ён пакінуў свой адбітак. А якім адыходзячы год запомніўся Васілію Чарадніку, старшыні Сенненскага раённага выканаўчага камітэта? Пра справы грамадскія і асабістыя мы і пагутарылі з ім.
— Згодна з усходнім гараскопам 2016 год быў годам вогненнай малпы. У Беларусі ён прайшоў пад эгідай культуры. Згодна з вызначэннем ААН — ён быў годам бабовых культур. Васілій Анатольевіч, чым 2016-ы запомніцца сенненцам, асабіста Вам?
— Для жыхароў Сенненшчыны, безумоўна, сёлетні год застанецца ў памяці як год “Дажынак”. Мы старанна рыхтаваліся да абласнога свята працаўнікоў вёскі, бо добра разумелі, што гэта не толькі гонар, але і вялікая адказнасць, шанц зрабіць горад больш прыгожым, утульным, зручным для жыцця. І мы скарысталіся ім. Было шмат зроблена дзеля добраўпарадкавання райцэнтра, іншых населеных пунктаў, дарог, дзякуючы чаму палепшылася якасць жыцця сенненцаў, умовы навучання, адпачынку. Мы шмат чаго зрабілі ўласнымі намаганнямі, за ўласныя сродкі. Было праведзена тры раённыя суботнікі, абласны, рэспубліканскі. Я ўдзячны сенненцам за іх уклад у важную, вялікую справу, за цярпенне, якое яны праявілі, трываючы часовыя нязручнасці. Давялося зарабляць грошы, працаваць, ствараць “куточкі прыгажосці”. Затое зараз прыемна запрасіць у госці сваіх сяброў, родных. У інтэрнэце з’явілася шмат сэлфі з краявідамі Сянна.
Я думаю, што гэта важна для нас яшчэ і ў плане павышэння ўласнай самаацэнкі, выхавання гонару за Сенненскі край, дзе мы нарадзіліся, дзе жывём. Я спадзяюся, што зробленае да “Дажынак” будзе служыць нам доўга, дазволіць з большым аптымізмам паглядзець на будучыню раёна, яго эканоміку.
— Сёлетні год быў не самым паспяховым для аграрнікаў. Вас не трывожаць стан эканомікі нашых арганізацый, вынікі, атрыманыя ў аграрнай галіне?
— Атрыманыя ў аграпрамысловым комплексе паказчыкі, безумоўна, не назавеш добрымі. Аднак трэба разумець, што сельскай гаспадаркай мы займаемся ў зоне рызыкоўнага земляробства. У 2016 годзе, і ў час пасяўной кампаніі, і ў перыяд жніва, на палеткі раёна выпала празмерная колькасць ападкаў, што вясной не дазволіла правесці работы ў аптымальныя тэрміны, а летам пазбегнуць страт на ўборцы, не хапала мінеральных угнаенняў.
Але ёсць парасткі станоўчага. У грамадскіх сельгасарганізацыях раёна прыкметна палепшылася структура сенажацяў і пашаў. На іх пераважаюць бабовыя травы, што дазволіла нарыхтаваць больш спажыўныя травяныя кармы. Пашыраюцца пасевы зернебабовых культур. ААТ “Студзёнка” па іх намалоце заняло другое месца ў абласным спаборніцтве і адзначана на абласных “Дажынках”. Ёсць намер больш сеяць у чыстым выглядзе гароху і іншых бабовых культур. Для павелічэння ўраджайнасці ў раслінаводстве ў нас ёсць тэхналагічны патэнцыял і культура земляробства ВДМС. У нас ёсць кваліфікаваныя аграномы і механізатары ў іншых сельгасарганізацыях. На сцэну абласных “Дажынак” узнімалася шмат прадстаўнікоў земляробчай галіны.
Пашыраецца вытворчая база ў жывёлагадоўлі. Новыя фермы ўзводзяцца ці пабудаваны, рэканструіруюцца ці рэканструяваны ў саўгасе імя Машэрава, УП “Дружбінец”, акцыянерных таварыствах “Белая ліпа”, “Студзёнка”, “Сінягорскае”, што дазволіць нарасціць аб’ём вытворчасці малака, іншай жывёлаводчай прадукцыі з меншымі затратамі, больш высокай якасці. Менавіта ў гэтым накірунку трэба прадпрымаць намаганні. Скажу больш. Кожнай арганізацыі, кожнаму калектыву давядзецца жыць па сродках. Ад таго, колькі прадалі (заўважце, не надаілі малака, нарасцілі мяса), з якімі затратамі атрымалі, у значнай ступені будзе залежыць прыбытак, а значыць і заробак. Нават мінімалку трэба зарабіць. Падобныя падыходы распаўсюджваюцца і на вытворчасць іншай прадукцыі. Грошай, у тым аб’ёме, што некалі былі ў бюджэце на падтрымку сельгасвытворцаў, няма. І не будзе. Такія рэаліі. Трэба ўсвядоміць і пачынаць працаваць больш эфектыўна, строга прытрымліваючыся тэхналогіі.
— Як гэта робіцца ў прыватніка?
— Грошы навучыліся лічыць не толькі фермеры, прыватныя вытворцы ў іншай сферы дзейнасці. Апошнім часам эфектыўную вытворчасць дэманструе лясгас. За год у арганізацыі нарасцілі аб’ёмы рэалізацыі прадукцыі, у тым ліку на экспарт, знізілі яе сабекошт. У ВДМС на аднаго працуючага вырабляецца прадукцыі на 310 млн недэнамініраваных рублёў. Якая з нашых арганізацый можа пахваліцца такім паказчыкам? Тым больш, што атрыманы ён у вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі. Такі вынік не прыходзіць сам па сабе. З людзьмі трэба працаваць: тлумачыць, што ад іх патрабуецца, кантраляваць іх дзейнасць. У “Мілконфорэст”, прадпрыемстве, якое на сродкі сербскага прадпрымальніка займаецца дрэваапрацоўкай, працуе 54 чалавекі. Каб падабраць працаздольны калектыў, спатрэбілася два гады. Але багушэўцы, менавіта яны ствараюць касцяк калектыву, засвоілі, што грошы трэба зарабляць.
— Васілій Анатольевіч, ведаю, што значныя прыватныя інвестыцыі ў наступным годзе прыйдуць і ў аграпрамысловы комплекс раёна, а з імі, новыя рабочыя месцы, тэхналогіі. На вытворчасці якой прадукцыі прадпрыемства будзе спецыялізавацца?
— ААТ “МК Агракапітал” будзе займацца вытворчасцю малака і яго перапрацоўкай. Мяркуецца пабудаваць жывёлаводчы комплекс на 3200 кароў. Ён з’явіцца непадалёк ад вёскі Чараўкі. Перапрацоўчы цэх будзе пабудаваны ў Сянне, у раёне былога льнозавода. Работы, як мяркуецца, распачнуцца ўжо вясной.
Новыя рабочыя месцы будуць стварацца і ў іншых сферах. Але трэба мець на ўвазе, каб працаўладкавацца там, трэба мець адпаведную кваліфікацыю, адпавядаць тым патрабаванням, што прад’яўляюцца зараз да работнікаў.
— Змены, што дыктуе час, закранаюць вытворчасць, эканоміку, сацыяльную сферу. Якія задачы на наступны год ставіць перад сабой улада, у прыватнасці раённая?
— Сітуацыя, калі на прадпрыемствах і арганізацыях зніжаюцца аб’ёмы вытворчасці, а з імі і заробкі, негатыўна адбіваецца на настроях людзей, узмацняе сацыяльную нагрузку на бюджэт, прымушае дэталёва адпрацоўваць кожную крыніцу яго напаўнення, аналізаваць перспектывы раённых арганізацый, шукаць інвестыцыі для стварэння новых перспектыўных вытворчасцей. Таму галоўная задача ўлады – аздараўленне эканомікі існуючых арганізацый, стварэнне новых прадпрыемстваў, каб на гэтай аснове мець новыя рабочыя месцы, павышаць заробкі людзей. Не менш важна эфектыўна выкарыстоўваць бюджэт. Спадзяюся, што рэалізацыя ў 2017 годзе такіх праектаў як мадэрнізацыя вадаправоднай сеткі ў паўднёва-заходняй частцы райцэнтра прыкметна палепшыць якасць пітной вады. Устаноўка ў кацельні “Райаграсэрвіс” новых катлоў, на якіх у якасці паліва будуць выкарыстоўвацца мясцовыя віды паліва зменшыць нагрузку на бюджэт. Давядзецца аптымізаваць колькасць устаноў культуры, школ. Не трэба моцна хвалявацца вяскоўцам, што працуюць ў гаспадарках – банкротах. Кожнаму будзе прапанаваны індывідуальны варыянт працаўладкавання. Грамадой, разам вырашаюцца самыя складаныя праблемы. Але не дзякуючы цудадзейным сродкам, як у навагодніх казках, а на падставе створанага патэнцыялу. А ён у раёне ёсць, у тым ліку – працалюбівы настойлівы працаўнік.
Карыстаючыся выпадкам хацелася б павіншаваць з Калядамі, Новым годам усіх жыхароў раёна. Аптымізму, упэўненасці ва ўласныя магчымасці і сіл для новых здабыткаў.
Дзякуй за размову.
Гутарыў Аляксандр Яўгенаў.