В Сенно прошел районный конкурс детского творчества «Утренняя звезда»

LhCKA3lgiX0

Прайшоў васямнаццаты раённы фестываль дзіцячай творчасці «Ранішняя зорка», які даўно ўжо з’яўляецца неад’емнай часткай культурнага жыцця Сенненшчыны.

На галоўнай сцэне фестывалю (у СШ №2 г.Сянно) выступілі 29 салістаў, 8 вакальных груп, 11 танцавальных калектываў. 54 навучэнцы прынялі ўдзел у намінацыі «Тэатральная творчасць»: былі прадстаўлены 10 сцэніч­ных пастановак, выступілі 14 чытальнікаў, 4 тэатральныя калектывы. Каля 100 работ было прадстаўлена на выставе дэкаратыўна-прыкладной творчасці і выяўленчага мастацтва.

Сцэнарый «вакальна-танцавальнага аддзялення» фестывалю ўбачыўся яго аўтарам (раённы цэнтр дзяцей і моладзі) у выглядзе «Кірмашу талентаў» са Скамарохамі, Мядзведзем, іншымі героямі прадстаўлення.

Адкрыла фэст дзіцячага мастацтва яго госця, пераможца фестывалю 2015 года ў намінацыі «Вакальная творчасць», вы­пуск­ніца СШ №1 г.Сянно і раённага ЦДіМ, а цяпер студэнтка 1 курса Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Марыя Шыбека.

Вядучая фестывалю Таццяна Ефіменка павітала намесніка старшыні райвыканкама Зою Фаміну, якая на працягу многіх гадоў з’яўляецца верным сябрам «Ранішняй зоркі».

Ацэньвала выступленні канкурсантаў кампетэнтнае журы пад старшынствам дырэктара Сенненскай дзіцячай школы мастацтваў Івана Смірнова.

Увазе гледачоў і журы былі прадстаўлены пяць тэматычных блокаў. Блок «Школьныя гады цудоўныя» складаўся з сямі нумароў. Усе яны былі выкананы на дастойным узроўні. Асабіста аўтару гэтых радкоў спадабалася песня «Хлопчык з 8 «Б», з якой выступіла  вучаніца Багданаўскай школы Ганна Саўген. А Васіліна Валодзькіна з Машканскай ДССШ не толькі добра спявала, але і ўразіла сваім сцэнічным касцюмам.

Любоў да прыроды можна выражаць у малюнках, вершах, танцавальных пастаноўках. Шмат скла­дзена аб прыродзе і песень. Гэта даказалі ўдзельнікі блока «Свет прыроды». Многім гледачам спадабаўся вучань Ходцаўскай ДССШ Канстанцін Паразенка з песняй «Сонейка маё», якога зала праводзіла са сцэны бурнымі апладысментамі. З запалам, што перадаўся і гледачам, песню «Маков цвет» выканала Насця Лабацкая з Машканскай школы. Дарэчы, і яе сцэнічны касцюм вельмі падыходзіў да зместу песні. У свет навагодніх святаў вярнуў прысутных Арцём Ізотаў, вучань Ма­шчонскай ДССШ, які выступіў з песняй «Ёлочке не холодно зимой». Шчасця ў кожны дом пажадаў песняй «Рождество» Данііл Цапрылаў з Багушэўскай школы №2.

Словы «родная прырода», «родныя мясціны» знаёмыя і блізкія кожнаму. Радзіму мы вучымся любіць з дзяцінства. Падрастаючае пакаленне  захоўвае культурныя традыцыі свайго народа і стварае моладзевую культуру, розную па жанрах і стылях. Гэта пацвердзілі ўдзельнікі блока «Мая Беларусь».

Уладзімір Ізотаў, вучань Машчонскай ДССШ, развесяліў залу заўзятай песняй «Бульба». «Пляска беларуская» ў выкананні танцавальнага калектыву «Вясёлка» Студзёнкаўскай школы запрасіла ўсіх пусціц­ца ў скокі. Вельмі чулліва праспявала вучаніца СШ №1 г.Сянно Вольга Русіна песню «Балада пра салдацкую маці». А ў час выканання Верай Халдзеевай з Какоўчынскай школы другой балады, таксама пра маці, на вачах у гледачоў з’явіліся слёзы.

Словам «мужнае» можна ахарактарызаваць выступленне вучня з Яноўскай школы Кірыла Русецкага. Музычнае суправа­джэнне яго нумара дало збой, але хлопец не разгубіўся і выканаў песню акапэла. А зала сваімі апладысментамі дапамагла. Пад «Лявоніху» танцавальнага калектыву «Ручаёк» Нямойтаўскай школы ногі запра­сіліся ў скокі самі. Вельмі пераканаўча і жыццясцвярджальна прагучалі песні «Новае пакаленне» ў выкананні Ілоны Шапруновай з Багушэўскай СШ №1 і «Мільён галасоў», якую спеў дуэт «Камелія» з Машканскай ДССШ.

Увазе журы і гледачоў яшчэ былі прадстаўлены блокі «Пра пачуццё цудоўнае…» і «Культурная палітра». На жаль, абмежаваная газетная плошча не дазваляе падрабязней расказаць пра іх.

У якасці гасцей на фестывалі «Ранішняя зорка» выступілі ўдзельніцы раённага конкурсу «Песні юнацтва нашых бацькоў» Юлія Жыгунова (Ходцаўская школа), Караліна Высоцкая (Беліцкая ДССШ) і Ірына Старавойтава (Сту­дзёнкаўская ДССШ), якія выканалі песні патрыятычнай тэматыкі і шлягеры 30-90-х гадоў.

У гэты ж час у Сенненскім РЦДіМ праходзілі конкурсныя выступленні фестывальнай намінацыі

«Тэатральная творчасць». Канкурсанты прадстаўлялі сцэнкі, мініяцюры, панта­мімы, канферанс, мастацкае чытанне, адбыўся конкурс на лепшую абарону казачнага касцюма.

Вынікі фестывалю будуць апублікаваны пазней.

  Таццяна Буракова.

Pt1CU_IONJg

5WVXu3wOGGE

6gJpLRlTUVA

7uKyWL9lY10

40DHLFNgFx0

C6xrhA6Ns_E

ch6b9zmaoe8

kKDVGVuZinc

oBHFRQnG9Fk

 На здымках: моманты  фестывалю «Ранішняя зорка-2016».

Фота аўтара.