Лепшы падарунак — зацікаўленыя вочы дзяцей. Настаўніца гісторыі Машканскай ДССШ прыняла ўдзел у раёным этапе рэспубліканскага конкурсу «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь»

     2   У сям’і настаўніка гісторыі Машканскай ДССШ Таццяны Бабарыка на Таццянін дзень існуе цікавая традыцыя. Раніцай 25 студзеня яна абавязкова знаходзіць запіску з пажаданнямі ад бацькі. Што на гэты раз у ёй змешчана, Таццяна Міхайлаўна на момант нашай сустрэчы даведацца яшчэ не паспела, бо зранку спяшалася ў Сянно, дзе яе чакалі абсалютна незнаёмыя вучні і строгае журы раённага этапу рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”.

 

1    Таццяна Бабарыка — адна з самых маладых удзельнікаў сёлетняга спаборніцтва прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў. Усяго тры гады назад выпускніца гістарычнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава пераступіла парог, між іншым, роднай школы ў якасці маладога спецыяліста. За гэты час дзяўчына з “зялёнага” настаўніка паспела вырасці да намесніка дырэктара па навучальнай рабоце і працягвае ўдасканальвацца ў сваёй прафесіі, выкладаючы гісторыю ў 6-8 класах, а таксама грамадазнаўства на павышанным узроўні ў 10 класе. А цяпер яна нароўні з больш вопытнымі калегамі змагаецца за званне лепшага настаўніка раёна.

16 января 0125

     Пяцікласнікі СШ №1 г.Сянно скіравалі свае зацікаўленыя погляды на маладую, гожую настаўніцу, якая хвалявалася, нават, больш за вучняў, але выгляду не падавала: звонку на яе твары панавала пяшчотная ўсмешка. Адкрыты ўрок у незнаёмым класе — адзін са складанейшых этапаў конкурсу, дзе самым строгім крытыкам з’яўляецца нават не журы, а дзеці. Іх эмоцыі і настрой — галоўныя крытэрыі ацэнкі настаўніцкай працы.

16 января 027

     Для самой Таццяны ўзорам прафесійнага майстэрства стаў колішні дырэктар школы Худавердзі Куліеў, які выкладаў у яе класе гісторыю. Менавіта ён накіраваў сваю вучаніцу на шлях настаўніцтва. Хаця, прызнаецца Таццяна, канчатковы выбар яна зрабіла за 5 хвілін да пачатку цэнтралізаванага тэставання. Да апошняга вагалася паміж спецыяльнасцямі інжынера і педагога. Але аб сваім выбары не шкадуе. “Гэта чалавек, які за справу бярэцца з душой, на яе занятках у дзяцей гараць вочы!” — дадае Святлана Іванькова. Некалі класны кіраўнік дзяўчыны, а цяпер калега, яна прыехала падтрымаць канкурсантку.

16 января 025

Адкрыты ўрок па тэме Старажытная Грэцыя насамрэч аказаўся жывым і інтэрактыўным. Вучні пазнавалі гісторыю вострава Крыт праз красворды і тэсты, разгадвалі загадкі ў пасланнях старажытнагрэчаскага падарожніка, якія для іх загадзя падрыхтавала маладая настаўніца. А дзякуючы інтэрактыўнай дошцы ўдалося рэалізаваць адзін з галоўных прынцыпаў у дзейнасці гісторыка: лепш адзін раз пабачыць. Дзятва ўвачавідку знаёмілася з археалагічнымі знаходкамі таямнічага Кноскага палаца і старажытнагрэчаскімі міфамі. У 45-хвілінным занятку знайшлося месца і для фізкультразмінкі пад рытмы грэчаскага танца “Сіртакі”.

16 января 035

Дарэчы, у сваёй школе Таццяна Бабарыка арганізавала і вядзе танцавальны гурток, які наведваюць больш за 20 дзяцей. Запальны танец машканскіх школьнікаў ў рамках усебеларускага флешмоба #Танцуй школа можна знайсці на буйнейшым у свеце відэапартале Youtube. А сёлета юныя танцоры выступілі з харэаграфічным нумарам на фестывалі дзіцячай творчасці “Ранішняя зорка”.

16 января 031

Пасля вяртання дадому Таццяна Бабарыка першым чынам прачытала віншаванне ад бацькоў. Безумоўна, іх добрыя зычэнні абавязкова спраўдзяцца. Як спраўдзілася пажаданне, якое яна некалі атрымала ў Таццянін дзень: каб праца прыносіла задавальненне. Сёння маладая настаўніца ўпэўнена, гэта і ёсць галоўны сакрэт прафесійнага поспеху.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

Фота аўтара.