На галоўнай станцыі Багушэўская
Дзень чыгуначніка — прафесійнае свята для невялікай групы жыхароў Сенненшчыны. На станцыі Багушэўская Віцебскага аддзялення Беларускай чыгункі занята ўсяго 16 чалавек. Яшчэ менш работнікаў на станцыі Бурбін, якая, дарэчы, адносіцца да Мінскага аддзялення БЧ.
Для большасці чыгуначнікаў праца носіць зменны характар. Цягнікі ідуць і днём, і ноччу. Праз станцыю Багушэўская, напрыклад, у суткі праходзіць пяць пар грузавых паяздоў і 15 — пасажырскіх. Кругласутачна чыгунка вядзе прыём і адпраўку грузаў. З галоўнай для раёна станцыі ў сярэднім у месяц адпраўляецца 117 вагонаў: два — з зернем, 115 — з ляснымі грузамі. Штогод узрастае пасажырапаток. Калі ў 2014 годзе ў касе чыгуначнай станцыі ў месяц рэалізоўвалася 14396 білетаў (13664 — на прыгарадныя цягнікі), то сёлета — больш за 15 тысяч.
Начальнік станцыі Багушэўская Наталля Іванова тлумачыць гэта тым, што кошт білетаў на чыгунцы даволі танны. І таму пасажыры перавагу аддаюць менавіта гэтаму транспарту. А яшчэ, заўважае яна, Багушэўск паступова пераўтвараецца ў дачны пасёлак.
Многае ў выніках працы залежыць ад работнікаў станцыі. «Пасажыры не раз адзначалі работу білетнага касіра Наталлі Сухадолавай, — працягвае свой аповед пра калег Наталля Іванова, — дзякавалі за прафесіяналізм, вытрымку, гатоўнасць весці дыялог з пасажырамі, што звяртаюцца за тлумачэннямі непасрэдна ў касу ці па тэлефоне».
Праца Алены Абляцовай, якая на працягу 25 гадоў з’яўляецца прыёмаздатчыкам грузу і багажу, пазбаўлена публічнасці. Аднак і ад яе залежыць вельмі многае. Прыёмаздатчык нясе адказнасць за афармленне дакументаў, ці, як сказана ў службовых абавязках, «за выкананне прыёмаздатачных аперацый».
Яшчэ адна група багушэўцаў-чыгуначнікаў працуе рамонтнікамі пуцей і ўваходзіць у штат Віцебскай дыстанцыі пуцей. Пад кіраўніцтвам дарожнага майстра Сяргея Міронава яны абслугоўваюць перагон ад прыпынку Лычкоўскага да станцыі Лужкі. У сувязі з прафесійным святам кіраўнік вытворчага падраздзялення за бездакорную працу ўзнагароджаны Граматай упраўлення Беларускай чыгункі.
Работнікі чыгункі носяць форму. А яна вымагае асабліва строгіх адносін да працы, дакладнага выканання службовых абавязкаў. Таму чыгуначнікі робяць сваю справу на выдатна незалежна ад пары года, не зважаючы на крызісы, іншыя негатыўныя з’явы і, нават, святы. Будзьце ўпэўнены, заўтра, у Дзень чыгуначніка, цягнікі будуць ісці ў адпаведнасці з раскладам.
Наш кар.
НА ЗДЫМКУ: (справа налева) Алена Абляцова, Наталля Іванова і Наталля Сухадолава.