ВУЧЫЦЦА МУДРАСЦІ Ў КНІГ

А1+++На працягу пяці гадоў раённыя бібліятэкары з дапамогай перасоўнай бібліятэкі маюць магчымасць абслугоўваць жыхароў аддаленых населеных пунктаў. Правядзенне ў гэтых вёсках свята кнігі і ўшанавання лепшых чытачоў стала добрай традыцыяй.

Нядаўна такое мерапрыемства пад назвай «Мудрасці жыцця вучыцеся ў кніг» прайшло ў в.Алёхнава Студзёнкаўскага сельсавета. Сюды таксама былі запрошаны чытачы з вёсак Шынкава і Зямковічы, якіх арганізатары свята прывезлі на сваім аўтобусе.
А2+++Перад пачаткам дзейства ў імправізаванай глядзельнай зале адбылася гутарка старшыні Студзёнкаўскага сельвыканкама Алега Барыткі з вяскоўцамі. Кіраўнік мясцовай улады скарыстаў гэту сустрэчу, каб запрасіць сяльчан з усімі праблемамі і пытаннямі ісці прама ў савет, дзе, як запэўніў Алег Пятровіч, заўсёды падтрымаюць і дапамогуць.
Свята прынесла шмат станоўчых эмоцый, падарыла добры настрой. А сабраліся на яго сапраўды адданыя кнізе людзі. Прагучалі прозвішчы ўсіх актыўных чытачоў. Шмат мастацкай літаратуры чытае Вольга Шурмялёва, якая, як старэйшына в.Алёхнава, дапамагла супрацоўнікам раённай бібліятэкі ў арганізацыі свята. Інтарэс да чытання Вольга Пятроўна прывівае і сваім дзецям. «Нам года не беда, коль душа молода» — гэтыя словы можна сказаць пра Ганну Платонаўну Беляшову, якой заставацца маладой дапамагаюць кнігі.
У кожны прыезд перасоўнай бібліятэкі больш за 30 кніг бярэ пенсіянерка і заўзятая чытачка Зоя Фёдараўна Зубец. Цікава, што сярод актыўных кнігалюбаў ёсць і мнагадзетныя маці. Любоў Уладзіміраўна Шурмялёва вырасціла і выхавала шасцёра дзяцей, мае 15 унукаў, самая малодшая з якіх, як і бабуля, аматарка чытання.
Ёсць сярод вясковых аматараў мастацкай літаратуры і сямейныя пары. Напрыклад, Святлана і Уладзімір Хадановічы. Святлана Сяргееўна знаёмая з бібліятэчнай і клубнай справай не па чутках. Калісьці жанчына сама працавала загадчыцай клуба.
А3+++На свята да вяскоўцаў завітаў даўні сябар Сенненскай раённай бібліятэкі Мікалай Траццякоў, вядомы расійскі паэт, член Саюза пісьменнікаў Расіі, член-карэспандэнт Пятроўскай акадэміі навук і мастацтваў, кандыдат тэхнічных навук, аўтар шэрагу зборнікаў вершаў, многія з якіх прысвечаны Беларусі. Мікалай Афанасьевіч прачытаў некалькі сваіх твораў і выканаў песню, напісаную на словы яго вершаў.
Запрошаныя на мерапрыемства жыхары вёсак з задавальненнем прынялі ўдзел у музычнай гульні-жарце «Чытанне думак». Цудоўныя песні і прыпеўкі прагучалі для ўдзельнікаў свята ў выкананні самадзейных артыстаў Раісы Усціновіч, Аляксандра Васілёнка, Ларысы Пагарэльскай, Святланы Бянцяй.
Таццяна Буракова.