В Сенненском районе идёт заготовка силоса из кукурузы
Усе наяўныя рэсурсы – тэхнічныя, людскія – ААТ “Ульянавічы”, якія не заняты на сяўбе азімых зерневых культур, задзейнічаны ў гэтыя дні на нарыхтоўцы сіласу з кукурузы.
Больш таго, прыцягваюцца дадатковыя сілы. У прыватнасці, на КВК-800 працуе Аляксандр Кармазін, механізатар ААТ “Сенненскі райаграсэрвіс”.
— Аграному можна ставіць “выдатна”, кукуруза вырасла добрая, недзе каля трох метраў у вышыню. Пачаткі выспелі. З гектара атрымліваецца каля 300 цэнтнераў. Так што, грамадская жывёла будзе забяспечана высокаспажыўным кормам, — упэўнены ён. – Адна праблема – у многіх месцах дзікі “папрацавалі”.
У сельгасарганізацыі кукурузай занята 250 га ворыва. Уся плошча засеяна насеннем гатунку “Ладага”, набытым на Гомельшчыне.
— Гэта сярэдняранні гатунак, таму ў адносна кароткі перыяд кукуруза набірае масу і зерне выспявае, — тлумачыць Уладзімір Мезаўцоў, галоўны аграном ААТ “Ульянавічы”.
Земляробы таксама зрабілі ўсё, каб галоўная кармавая культура набрала масу. Сяўбу правялі ў пачатку мая, папярэдне ўнёсшы па 60-80 тон арганікі на гектар. Своечасова правялі хімпраполку, падкармілі азотам у вадкім выглядзе.
Уборка кукурузы на сілас у сельгасарганізацыі ўжо вядзецца некалькі дзён. Здробленай зялёнай масай траншэя ў Дольдзеве запоўнілася за пяць дзён. На адвозцы занята штодня па чатыры адзінкі тэхнікі.
Тэхналогія вырошчвання кукурузы ў ААТ “Ульянавічы” адпрацавана даўно. Дзякуючы чаму буйная рагатая жывёла гаспадаркі кожны год мае збалансаваны рацыён, кармы нават прадаюцца суседнім сельгасарганізацыям, некалькі мінулагодніх траншэй з сенажом будуць выкарыстоўваць толькі ў сёлетні зімова-стойлавы перыяд.
— Пачалі ўборку з поля, дзе могуць узнікнуць праблемы, калі пойдуць дажджы, — тлумачыць Уладзімір Мезаўцоў. — На больш позні перыяд аднесена ўборка на пясчаных глебах. Мяркуецца, што каля 40 гектараў кукурузы будзе ўбрана на зерне.
Так што кукуруза ў ААТ “Ульянавічы” апраўдвае сваю назву – “царыца палёў”. Яна застаецца надзейнай крыніцай высокабялковых кармоў.
Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.
Фота аўтара.