Коллектив ДРСУ-146 вносит свой вклад в проведение дорожно-строительных работ на Сенненщине

Добрыя, роўныя асфальтаваныя дарогі — сапраўдная мара вадзіцеляў і галоўная задача дорожных службаў. Свой уклад у правядзенне дарожна-будаўнічых работ на Сенненшчыне ўносіць дружны калектыў работнікаў ДРБУ-146.

На балансе філіяла знаходзіцца 771,2 км дарог, з якіх 180 — асфальтабетонныя, 387 — жвіровыя, грунтовыя. Акрамя таго, на абслугоўванні арганізацыі 33 масты і 693 трубы. 

У гэтым годзе прадпрыемства ў асноўным займалася бягучым рамонтам дарог. З найбольш значных аб’ектаў можна назваць накірунак Карпавічы-Бесцвіна-Ліпна-Берашова. Тут было адрамантавана тры ўчасткі дарог. У кастрычніку бягучага года сілы работнікаў былі накіраваны на ўчастак працягласцю 870 м па маршруце — Новае Сяло-Бярозкі-Пустынкі-Студзёнка. Асфальтабетоннае пакрыццё адрамантавана  на ўчастку H-3503 Казлы-Машканы да аўтамабільнай дарогі P-25 па маршруце Віцебск-Сянно-Талачын.

За летні сезон зроблена было шмат, работы вядуцца і зараз. Працавалі дарожнікі і ў самім райцэнтры: у лесапарку 40-годдзя Перамогі, па вуліцах Віцебская, Чырвоная Слабада, Сінкевіча.

— Стараемся трымаць дарогі ў належным стане, бо ў гэтым і заключаецца наша праца, — падкрэслівае начальнік ДРБУ-146 Юрый Валадзько.

Круглы год клопатаў у дарожнікаў нямала. З самага пачатку вясны і да канца восені яны рэмантуюць, будуюць, займаюцца ўсталёўкай дарожных знакаў. А з надыходам зімовага перыяду працы становіцца яшчэ больш. Нягле­дзячы на мінусавое надвор’е, зіма — “гарачая” пара для работнікаў ДРБУ. Бо менавіта ў гэты сезон патрэбна змагацца са слізкасцю, сачыць за спраўнасцю дарог, своечасова расчышчаць іх. Да сёлетняй зімы ў ДРБУ ўжо ўсё гатова.  Нарыхтоўкай неабходных рэагентаў яны займаюцца на ўласным заводзе.

Аб дасягненнях судзяць не толькі па статыстычных да­дзеных. Галоўную ролю ў развіцці арганізацыі адыгрываюць кадры. Імі тут вельмі ганарацца. На сённяшні дзень на прадпрыемстве працуе 58 спецыялістаў, з іх 15 — інжынерна-тэхнічныя работнікі, 9 — кіроўцы, 11 — механізатары, 23 — рабочыя. Палову калектыву склада­юць тыя, хто мае стаж працы ў дарожнай сферы больш за 20 гадоў. Есць і прадстаўнікі, хто на працягу 30-ці гадоў  бесперапынна працуе ў гэтай галіне. Напрыклад, Наталля Бяляева, начальнік планава-вытворчага сектара, Міхаіл Кленьё, начальнік участка аўтатранспарту і дарожна-будаўнічых ма­шын, Віктар Пракаповіч, машыніст укладчыка асфальтабетону. За добрасумленную працу і вялікі стаж работы яны маюць званні “Ганаровыя дарожнікі другой ступені”.

На прадпрыемстве паспяхова працуюць пяць сямейных дынастый і дзве сямейныя пары. Мы пагутарылі з Ула­дзімірам і Тамарай  Дабраніцкімі. Працоўны стаж мужчыны налічвае больш за 30 гадоў, а жанчыны — каля 15-ці.  

— Ніякага дыскамфорту сумесная праца не дастаўляе, хутчэй наадварот — згуртоўвае. Калі працуеш у адной сферы, а тым больш у адной арганізацыі, менш трэба тлумачыць пра штодзённыя моманты, усё і так зразумела,—кажа Уладзімір Пятровіч.

Ксенія КРУПСКАЯ.

Фота аўтара.