Міністр сельскай гаспадаркі Леанід Заяц у Сянне правёў нараду з кіраўнікамі райсельгасхарчу Віцебскай вобласці, кіраўніцтвам камітэта сельскай гаспадаркі аблвыканкама. Нарада была прысвечана зменам, якія вызначаць бліжэйшую будучыню сельскай гаспадаркі. Леанід Заяц не хаваў: «Яны будуць кардынальнымі».
І для гэтага ў краіне створаны перадумовы — наладжана вытворчасць высокапрадукцыйнай тэхнікі, на палі і фермы прыйшлі сучасныя тэхналогіі. Працаваць па-новаму беларускіх аграрнікаў вымушае і жорсткая канкурэнцыя на сусветным рынку прадуктаў харчавання. Асабліва яна абвастрылася з уступленнем у Сусветную гандлёвую арганізацыю Расіі, куды беларускія сельгасвытворцы пастаўляюць да 90 % экспартуемай прадукцыі. Са стварэннем Адзінай Еўразійскай прасторы больш даступным для канкурэнтаў стане беларускі рынак.
Ужо з 2015 года Беларусь пераходзіць на свабоднае цэнаўтварэнне. Фіксаваныя цэны на сыравіну будуць прымяняцца толькі для дзяржзаказа. Цану астатняй прадукцыі вызначаць рыначныя механізмы. Як адрэагуюць на гэта сельгасвытворцы, пакажа час. А пакуль што каля 5 % сельгасарганізацый краіны з’яўляюцца нерэнтабельнымі.
Асаблівая надзея ў Беларусі ўскладваецца на стварэнне аграхолдынгаў. Тыя, што працуюць у краіне, маюць неблагія, нават па сусветных мерках, эканамічныя вынікі. «Яны ствараліся пад канкрэтнага чалавека, пад інтэлект, мазгі кіраўніка», — нагадаў Леанід Заяц. І заклікаў прысутных у зале: «Шукайце амбіцыйных людзей. У новых умовах гаспадарання холдынгу прадастаўляецца рэструктурызацыя даўгоў, адтэрміноўка на пяць гадоў плацяжоў па крэдытах, у тым ліку на набытую ў лізінг тэхніку. Сістэма падаткаабкладання стане больш спрыяльнай, чым у Расіі. А таму «выцягнуць» можна нават самую адсталую гаспадарку».
На новы ўзровень выйдуць узаемаадносіны вытворцаў сельгаспрадукцыі і банкаў. У прыватнасці, фінансавыя ўстановы атрымаюць права даваць растэрміноўку на пагашэнні крэдыта з улікам выхаду вытворчага аб’екта на праектную магутнасць. А пры крэдытаванні аб’ектаў дзяржпраграмы стаўку Нацбанка будзе пагашаць Міністэрства фінансаў.
Сельская гаспадарка ў сённяшнім яе стане прадстаўлена рознымі сельгасарганізацыямі: акцыянернымі таварыствамі, кааператывамі, калгасамі. Апошніх у Беларусі налічваецца 347. Але яны ў сучасных эканамічных умовах не маюць магчымасцей для развіцця, таму будуць рэарганізаваны. Зменіцца і роля фізічнай асобы.
Кожны ўдзельнік сельгасвытворчасці атрымае магчымасць больш актыўна ўплываць на эканоміку, зможа стаць акцыянерам, уласнікам. Чаканыя змены павінны паспрыяць стварэнню ўмоў для фарміравання ўласніка. Сельгаспрадпрыемства можна будзе набыць ва ўласнасць, калі да жадання дадаць пераканаўчы інвестыцыйны праект.
Са зменай вытворчых адносін будзе мяняцца сістэма кіравання. Але паступова. Іншымі стануць функцыі ўпраўленняў сельскай гаспадаркі. З часам запатрабаванымі будуць не адміністратары, а высокакваліфікаваныя спецыялісты-кансультанты. Памяняюцца функцыі аблсельгасхарчаў, Міністэрства. «Дзейнасць кожнага чалавека, кожнай структуры павінна вымярацца не інакш як рублём», — падсумаваў сваё выступленне Міністр. Змены павінны прыцягнуць у сельскагаспадарчую вытворчасць і людзей, і фінансы, што зробіць яе больш канкурэнтаздольнай.
На нарадзе былі абмеркаваны надзённыя праблемы АПК вобласці. Па словах Сяргея Догеля, начальніка камітэта сельскай гаспадаркі аблвыканкама, азімыя пасевы на Віцебшчыне загінулі на плошчы 19 тыс. гектараў, а не на 40 тысячах, як баяліся. Гэта зменшыць выдаткі на перасеў. Цёплая вясна дазволіла пачаць палявыя работы, у тым ліку падкормку пашаў, раней звычайнага. Раней выйдзе ў поле жывёла, што дазволіць кампенсаваць недабор сельскагаспадарчай прадукцыі, які ўтварыўся на Віцебшчыне з пачатку года.
З улікам сітуацыі аграрыі вобласці актыўна займаюцца хімпраполкай і падкормкай азімых пасеваў пшаніцы, трыцікале. «Наяўных азотных угнаенняў хопіць, каб падкарміць усе культуры інтэнсіўнай вытворчасці», — запэўніў Леанід Заяц. Пры гэтым ён параіў кіраўнікам упраўленняў сельскай гаспадаркі і харчавання звярнуць увагу ў кожным раёне на валаўтваральныя гаспадаркі і запатрабаваў правесці палявыя работы ў аптымальныя тэрміны.
К республиканской акции «Дай лесу новае жыццё» присоединились сотрудники прокуратуры, суда Сенненского района и районного…
Начальник отдела правовой, аналитической и методической работы аппарата ЦИК Елена Григорович на семинаре "Информационное сопровождение…
Дан старт IV республиканскому правовому турниру для старшеклассников «Сила Закона» Начат прием заявок на участие…
С целью развития туристического потенциала Республики Беларусь и привлечения внимания к богатым охотничьим традициям страны,…
В отделении комплексной поддержки в кризисной ситуации и дневного пребывания для граждан пожилого возраста г.п.…
«Пьяному и бесправному не место на дороге!» Под таким названием в период с 7 по…