На сціплы помнік на могілках вёскі Какоўчына з фатаграфіяй маладой жанчыны і хлапчука нельга не звярнуць увагу. Ён тут такі адзін. Пад агульнай магільнай плітой знайшлі спачын Ганна Ляшко, настаўніца мясцовай школы, якая ў гады Вялікай Айчыннай вайны за сувязь з партызанамі была расстраляна фашыстамі ў канцы 1943 года, і яе сын Алік, што загінуў пры вызваленні населенага пункта ад выпадковай кулі.
Магілу ўсе гэтыя гады даглядаюць вучні і настаўнікі Какоўчынскай ДССШ і берагуць памяць пра сям’ю, што напярэдадні вайны воляй лёсу апынулася ў вёсцы. У школьным музеі створаны мемарыяльны куток, дзе сабраны экспанаты, якія сведчаць пра подзвіг Ганны Ляшко. Некалькі гадоў таму юныя краязнаўцы пад кіраўніцтвам Тамары Васільеўны Пупінай, якая тады адказвала за работу школьнага музея, напісалі даследчую работу, прысвечаную жанчыне, маці, якая, рызыкуючы ўласным жыццём, жыццём сваіх дзяцей, змагалася з ворагам.
З бібліятэкі ў радзільны дом
У Какоўчыне сям’я Ляшко пасялілася ў 1938 годзе: Ганна Рыгораўна адразу пасля заканчэння геаграфічнага факультэта Магілёўскага педінстытута; Васілій Канстанцінавіч, яе муж, паспеў папрацаваць год дырэктарам Застадольскай школы. На новым месцы працы яго таксама прызначылі кіраўніком навучальнай установы. У сям’і педагогаў выхоўваўся сын Алік, неўзабаве нарадзілася дачка, якую назвалі Жаннай.
Яны пажаніліся яшчэ студэнтамі. Знаёмства, якое адбылося на нейкім афіцыйным мерапрыемстве, з часам перарасло ў каханне. «Праз два гады, калі нарэшце скончыўся перыяд «узаемаправерак пачуццяў», я дамогся прызнання ўзаемнасці», — успамінаў пазней Васілій Ляшко. Ён адзначаў, што характар каханай фарміраваўся ў барацьбе са шматлікімі цяжкасцямі, што яна ніколі не адступала перад перашкодамі.
А цяжкасцей, перашкод у жыцці Ганны Каваленка (такое прозвішча яна насіла да замужжа), якая нарадзілася ў Бабінічах Аршанскага раёна, хапала з самага дзяцінства. Рана страціўшы бацьку, дзяўчынка шмат і цяжка працавала. Пасля заканчэння ў 1931 годзе сямігодкі ў Оршы стала рахункаводам у калгасе. Праз два гады ў гаспадарцы, улічыўшы імкненне маладой работніцы да ведаў, далі ёй накіраванне для паступлення на рабфак Магілёва. Потым былі падрыхтоўчыя курсы, педінстытут. Яе не спыніла фактычна поўная адсутнасць матэрыяльнай падтрымкі з боку сям’і. Калгас, дзе працавала маці, на працадні амаль нічога не налічваў.
У час вучобы на другім курсе яна прапанавала дачцы вярнуцца на радзіму ці працаўладкавацца ў горадзе. Але трэба было ведаць Ганну. Праплакаўшы некалькі дзён, дзяўчына пакінула студэнцкі інтэрнат, зняла пакой у прыватным доме, знайшла ў зручны для студэнткі час працу. Пра свае праблемы яна нікому не сказала. Нават каханаму.
Старэйшы сын у сям’і Ляшко нарадзіўся 1 красавіка 1938 года. А напярэдадні, 31 сакавіка, Ганна яшчэ працавала ў бібліятэцы, дзе рыхтавалася да залікаў і экзаменаў апошняй сесіі. Адпачываць пасля родаў і цешыцца сынам маладая маці сабе не дазволіла. Як і мужу забраць яе з немаўляці дамоў. З дапамогай сябровак і гаспадыні кватэры Ганна паспяхова здала сесію, а потым і дзяржаўныя іспыты.
Нараджэнне дачкі таксама прыйшлося на вясну, зноў на перыяд экзаменаў. Толькі на гэты раз іх Ганна Ляшко прымала ў школьнікаў. І зноў ёй не спатрэбіліся нейкія асаблівыя ўмовы. Яна нават не выкарыстала прадугледжаны ў такіх выпадках дэкрэтны адпачынак.
У тым жа 1939 годзе, толькі позняй восенню, маладая жанчына, маці двух дзяцей-пагодкаў, праводзіла мужа на службу ў войска.
— Я ведаў матэрыяльнае становішча сям’і: старэнькая і хворая маці, двое маленькіх дзяцей — на адну зарплату не разгавеешся. Але ніколі ні ў адным пісьме — ніякіх скаргаў на цяжкасці. Наадварот, у кожным допісе паведамленні пра дапамогу калгасаў, аб набыцці прадуктаў харчавання па сходнай цане, у тым ліку мяса на Смальянскім рынку, — чытаем ва ўспамінах Васілія Ляшко.
Па заданні заслонаўцаў
З пачаткам вайны Ляшко засталіся ў Какоўчыне. Па-ранейшаму жылі ў школе. Нічога ў іх жыцці не памянялася пасля акупацыі. Знешне. Але, як толькі ў навакольных лясах з’явіліся партызаны, маладая настаўніца стала настойліва шукаць сустрэчы з імі. Неўзабаве сувязь была ўстаноўлена з заслонаўцамі, з жыхарамі Какоўчына, навакольных вёсак, якія гатовы былі весці барацьбу з ворагам. У любы час сутак, выконваючы заданне камандавання, Ганна Ляшко хадзіла ў Оршу, дзе падтрымлівала сувязь з мясцовым падполлем. Партызан асабліва цікавіла інфармацыя пра рух цягнікоў з варожымі войскамі і тэхнікай праз Аршанскі чыгуначны вузел.
— Яна была знаходлівай і смелай, заўжды знаходзіла зачэпку, каб трапіць на неабходны аб’ект, — так характарызавала Ганну Ляшко яе стрыечная сястра Раіса Хромчанка.
Аднойчы, калі за сувязной сталі сачыць у нямецкім гарнізоне, яна зайшла ў амбулаторыю і вырвала здаровы зуб, каб адарвацца ад пераследу. Яна любіла жыццё, але штодня рызыкавала ім. Неяк Ганна прывяла на кватэру ў школу параненага партызана, аказала яму медыцынскую дапамогу і пераправіла ў лес.
Ракавым для Ляшко стаў снежань 1943 года.
З успамінаў Р. Хромчанка.
— Прыблізна 12-13 снежня ў 10-11 гадзін да яе прыйшлі тры партызаны. Не паспелі яны ўвайсці ў пакой, як прыбегла нейкая жанчына, якая паведаміла, што прыехалі немцы. Партызаны ўступілі ў бой, падчас якога двое з іх былі забіты, паранены ў нагу захоплены ў палон. Мы з Ляшко паспрабавалі непрыкметна пакінуць вёску, але шляхі аказаліся перакрытымі немцамі і паліцаямі. Нас разам з іншымі жыхарамі Какоўчына пагналі ў Даганоўку.
Ганна вяла за руку пяцігадовага Аліка, сястра несла на руках яе дачку. Побач у калоне вяскоўцаў ішла свякроў. Ганна Ляшко добра разумела, што для яе гэта шлях у адзін бок.
— Я ведаю, што мяне расстраляюць. Смерці я не баюся, толькі дзяцей шкада, — казала яна родзічцы па дарозе ў Даганоўку. І папярэдзіла, каб тая не прызнавалася ў сваяцтве, не выдавала сваіх эмоцый.
— Хто ёсць настаўніца Ляшко? Выйсці са строю! — запатрабаваў нямецкі камендант праз перакладчыка, як толькі калона какоўчынцаў спынілася ля камендатуры.
Пасля некаторай паўзы жанчына зрабіла крок наперад.
Тут жа да яе падбеглі салдаты, павялі ў камендатуру. Праз некаторы час Ганну Ляшко вывелі з будынка, падвялі да людзей, якія па-ранейшаму стаялі на марозе.
— Назаві прозвішчы партызан, назаві членаў іх сямей, — дапытваліся фашысты.
Жанчына ціха, але цвёрда адказала: «Я не ведаю, спытайце ў старасты.»
Так паўтаралася некалькі разоў. Апошні раз з камендатуры Ляшко вывелі пасля допыту акрываўленую. Па ўспамінах сведкаў у яе быў распухшы твар, выбіты зубы. Яна працягвала паўтараць: я не ведаю. Калі павялі ў склеп, які замяняў турму, жанчына адпіхнула немца і кінулася да дзяцей, стала іх цалаваць.
— Я не вярнуся больш, — выдыхнула яна.
Ганну Ляшко, партызанскую сувязную, якая ахвяравала ўласным жыццём, але так і не назвала партызанскія сем’і, расстралялі праз тры дні. Калі вывелі са склепа, непадалёк працавалі рабочыя, якім яна сказала:
— Дзень добры. І… бывайце.
Было гэта 15 снежня, у дзень, калі Ганне Ляшко споўнілася 27 гадоў.
Карнікі нават не пахавалі цела. Яго знайшлі ў чэрвені 1944 года Трафім Юдзянок, які таксама падтрымліваў сувязь з партызанамі, і Фёдар Кісялёў, жыхар вёскі Крупяжына. Пахавалі патрыётку на месцы расстрэлу. Перапахаванне ў адну магілу з сынам на могілках вёскі Какоўчына адбылося пазней. На ім прысутнічаў Васілій Ляшко. Яму пашанцавала прайсці ўсю вайну і выжыць, каб берагчы светлую памяць пра жонку і сына, перадаць яе дачцэ. Яна, дарэчы, да апошніх дзён свайго жыцця падтрымлівала сувязь з Какоўчынскай школай. Апошняе пісьмо ва ўстанову адукацыі прыйшло ад унучкі Ганны Ляшко, якую назвалі ў гонар бабулі.
Не забыліся на Ганну Ляшко і ў Какоўчыне. 9 мая 1971 года на магіле маці і сына быў устаноўлены помнік. Тое пакаленне вяскоўцаў разумела — па сутнасці, яна стала анёлам-захавальнікам какоўчынцаў, ахвяравала сабой дзеля іх.
Аляксандр Лазюк.
В Беларуси к 2035 году появится более 35 супербыстрых ЭЗС. Это определено в постановлении Совета…
В связи с ухудшением погодных условий сотрудники ОГАИ Сенненского РОВД настоятельно рекомендуют автолюбителям уже сегодня…
Новый вид хлеба «Чиабатта» планируют выпускать в 2025 году. Чем еще будет удивлять Сенненский филиал…
Около 9 тонн рыбы выпущено в водоемы Беларуси по итогам осеннего зарыбления БООР. Об этом…
Прямо сейчас в г. Сенно проходит сбор подписей избирателей за выдвижение кандидатов в Президенты Республики…
Ответом Беларуси на все происки против страны будет созидание и работа по укреплению экономики. Об…