АМАТАРКА «ЭКСТРЫМУ»
Стыльны карпаратыўны касцюм, усмешка на твары… Назіраючы з боку за работай аператараў разлікова-касавага аддзела цэнтра банкаўскіх паслуг № 218 г. Сянно ААТ «ААБ Беларусбанк», большасць кліентаў нават не падазрае, якая ў іх напружаная праца. Ганна Фарэйтарава (на здымку) адпрацавала на пасадзе амаль 30 гадоў.
Сапраўды, працаваць у непасрэдным кантакце з людзьмі няпроста. А тут яшчэ грошы трэба выдаваць ці прымаць, нешта не дачуеш ці кліент не зразумее? «Але ў мяне да канфліктных сітуацый ніколі не даходзіла», — шчыра кажа яна.
Больш таго, напружаная праца дапамагала пастаянна трымаць сябе ў добрым фізічным тонусе. А, магчыма, пошукі экстрэмальных умоў працы — неад’емная рыса яе характару. Не здарма ж марыла пра работу ў міліцыі. Прайшла нават субяседванне, медыцынскую камісію. Толькі калі ўзяла ў рукі пісталет, зразумела — прымяніць зброю не зможа ніколі. Сваё прызванне Ганна Фарэйтарава знайшла ў банку. Маючы сярэднюю спецыяльную адукацыю, яна з самага пачатку працы за правіла ўзяла строга выконваць інструкцыі, карпаратыўныя правілы.
Працу Ганны Фарэйтаравай заўжды цанілі. Толькі ў апошнія гады ў яе працоўнай кніжцы з’явіліся запісы аб вынесенай кіраўніцтвам ЦБП № 218 і абласнога філіяла № 200 удзячнасці, аб узнагароджанні Ганаровай граматай. Па выніках работы за 2013 год яе партрэт быў занесены на раённую Дошку гонару.
Наш кар.