В Сенно презентовали сборник стихов местных поэтов, посвящённых Сенненщине
Напісаць верш — справа няпростая. Каб радкі паліліся, мала ведаць асноўныя правілы вершаскладання, трэба мець талент і, безумоўна, павінен быць аб’ект натхнення. Для аўтараў, чые творы ўвайшлі ў склад новага паэтычнага зборніка «Сенненщина синеокая», музай стаў іх радзімы маленькі куток.
Зборнік — вынік гадавой карпатлівай работы супрацоўнікаў цэнтральнай раённай бібліятэкі Алены Мяцеліцы і Таццяны Красноўскай. Пад адной вокладкай змешчаны 40 твораў у пяці раздзелах. Аўтарамі зборніка з’яўляюцца 23 самадзейныя паэты і 6 кампазітараў.
На днях у Сенненскай дзіцячай школе мастацтваў адбылася прэзентацыя зборніка. Літаратурна-музычная імпрэза сабрала ў зале не толькі аўтараў, на мерапрыемстве прысутнічалі прадстаўнікі ўстаноў культуры і адукацыі, вучнёўская моладзь. У фае гасцей сустракала кніжная экспазіцыя выданняў, у тым ліку і краязнаўчага кірунку, прысвечаных гісторыі Сенненшчыны і яе знакамітым ураджэнцам.
На жаль, не ўсе аўтары зборніка прысутнічалі на мерапрыемстве. Таму жаданымі гасцямі імпрэзы сталі родныя Івана Лазукі і нядаўна пакінуўшага гэты свет Пятра Ермашкевіча, якіх сенненцы ведаюць і як таленавітых журналістаў.
З творчасцю кожнага паэта знаёміла мультымедыйная прэзентацыя. вершы са сцэны дэкламавалі вучні СШ №2 г.Сянно.
Пранікнёна чыталі свае творы Ларыса Гапеева і Васіль Ігнатаў. Апошні шмат гадоў адпрацаваў настаўнікам фізікі ў Ходцаўскай школе. Але ў душы ён заўсёды быў лірыкам. Натхненнем для яго сталі маляўнічыя ходцаўскія наваколлі.
Захапілі ў палон мясцовыя краявіды сэрца і пяро расійскага паэта Мікалая Траццякова, чыя «Ода горо-
ду Сенно» таксама ўвайшла ў зборнік. Мікалай Афанасьевіч на Сенненшчыне госць нярэдкі, бо
адсюль родам яго жонка. Дзень яднання народаў Расіі і Беларусі, што адзначаецца якраз сёння, для сямейнай
пары — свята.
Сярод аўтараў зборніка ёсць паэты маладзейшага ўзросту. Напрыклад, Ганна Корсакава, якая працуе ў рэдакцыі «ГС». Хочацца спадзявацца, што пачынаючыя творцы працягнуць лепшыя традыцыі, закладзеныя яшчэ Анатолем Вялюгіным і Алесем Жаўруком.
Сапраўдным гімнам малой радзіме сталі песні «Наша Сенненшчына», «Сінайскія горы», «Сенненскі вальс» і іншыя. Некаторыя з іх прагучалі на імпрэзе ў выкананні вакальных калектываў раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, дзіцячай школы мастацтваў. Дарэчы, да кожнай песні ў зборніку маецца нотны запіс.
Аздабленнем імпрэзы стаў відэафільм Аляксандра Карбоўскага «Мой город Сенно».
Першыя экзэмпляры зборніка «Сенненщина синеокая» вядучыя імпрэзы Таццяна Красноўская і Кацярына Догіль уручылі намесніку старшыні райвыканкама Зоі Фаміной і начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Сяргею Мяцеліцу. Зборнік, безумоўна, паслужыць выхаванню патрыятызму, любові да сваёй малой радзімы ў падрастаючага пакалення. У 2017-м Сянно адзначыць 575-годдзе з дня свайго заснавання. Выданне зборніка масавым тыражом было б годным падарункам да юбілею і добрым стымулам для творцаў. Дадаткам да яго можа стаць аўдыё-дыск з песнямі аб Сенненшчыне.
Вольга БАНДАРЭВІЧ.
Фота аўтара.