Мост по улице К.Маркса в Сенно обещают отремонтировать к 9 мая
Будаўнікі ТАА “Пабудуем мост” з Віцебска вядуць капітальны рамонт маста ў Сянне па вул.К. Маркса. Згодна з пашпартам аб’екта будаўніцтва павінна завяршыцца да 31 мая.
Аднак і падрадная арганізацыя, і заказчык, у якасці якога выступае Сенненскае РУП ЖКГ, не кажучы пра райвыканкам і аўтааматараў, зацікаўлены ў як мага хутчэйшым звяршэнні работ. Мост знаходзіцца на 65 км аўтамагістралі Р-25 Віцебск – Сянно – Талачын. Агучана і канкрэтная дата здачы аб’екта ў эсплуатацыю – 9 мая, як падарунак сенненцам да Дня Перамогі.
— З адным, але важным удакладненнем – павышаны тэмп не павінен негатыўна адбіцца на якасці работ, — выказаўся Віктар Мозаў, намеснік старшыні райвыканкама.
За няпоўныя два тыдні мостабудаўнікі правялі дэмантаж старых канструкцый. Работы вядуцца вахтавым метадам, таму брыгада працуе нават у выхадныя дні. Аднак, каб паскорыць тэмпы і пачаць узвядзенне аб’екта, неабходна дэманціраваць і пракласці на небяспечнай адлегласці некаторыя камунікацыі. У прыватнасці гэта зрабіла, па словах мостабудаўнікоў, ААТ “Віцебскаблводаканал”. З дапамогай тэхнікі падраднай арганізацыі зроблены пракол пад рэчкай. Укладзены трубы для падачы вады. Цяпер справа за энергетыкамі, сувязістамі. І не толькі РУП “Белтэлекам”, але і перапампоўваючай станцыі.
А яшчэ спатрэбіцца добрае сухое надвор’е, каб да будаўнічага аб’екта можна было падагнаць спецыяльную машыну, якая заб’е палі. Яны будуць устаноўлены па абодва бакі рэчкі. Палі звяжуць бетонным ростверкам (яго зальюць непасрэдна на палі), паверх установяць арачную канструкцыю палатна маста. Яно, дарэчы, будзе агульным з пешаходнымі дарожкамі і крыху шырэйшае за ранейшае.
Мост, абяцаюць будаўнікі, будзе надзейным у эсплуатацыі, прыгожым з эстэтычнага пункту гледжання.
Аляксандр ЛАЗЮК.
Фота аўтара.