Работников УСП «Дружбинец» поздравили с профессиональным праздником

На мінулым тыдні ва УСП «Дружбінец» адбыўся ўрачысты сход і святочны канцэрт з нагоды Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці.

Механізатары гаспадаркі

 Шмат добрых і цёплых слоў прагучала ў адрас земляробаў, жывёлаводаў, механізатараў. На сходзе выступіў дырэктар гаспадаркі Васілій Жук. Ён прааналізаваў вынікі работы кожнай галіны сельскагаспадарчай вытворчасці, паказаў на недапрацоўкі і пралікі.

УСП «Дружбінец» — адно з буйнейшых валаўтваральных сельгаспрадпрыемстваў раёна. Па выніках раённага спаборніцтва ў вытворчасці масланасення рапсу гаспадарка заняла першае месца,  малака і зерня  — другое, кармоў — трэцяе. Нягледзячы на тое, што сярэдняя ўраджайнасць збожжавых  была ніжэй намечаных паказчыкаў (23,6 ц/га), вынік працы паляводаў быў усё ж такі станоўчым. Валавы збор зерня ў бункернай вазе павялічыўся на 1730 т у параўнанні з мінулым годам. Гаспадарка паспяхова выканала і дзяржзаказ па яго пастаўках. Значная прыбаўка забяспечана ў вытворчасці травяных кармоў. У бягучым годзе нарыхтавана 7480 т сіласу, 11039 т сенажу, 792 т сена, што складае 33,9 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. А гэта патэнцыял для будучых надояў і прываг. Няпростая сітуацыя склалася ў жывёлагадоўлі. Атрымана ў сярэднім ад кожнай каровы 3397 кг малака, пры заданні – 3569. На наступны год стаіць задача прадукцыйнасць дойнага статка давесці да 4 500 кг малака.

 

— Каб надоі раслі, патрэбна больш клапаціцца пра якасць кармоў. Неабходна больш увагі надаваць высокапратэінавым культурам: канюшыне, люцэрне, зернебабовым. І строга захоўваць рэгламенты ў жывёлагадоўлі. Такая логіка сённяшняга дня, — адзначыў Васілій Жук.  

 

Гатункам «экстра» прада­дзена малака дзяржаве 95,4%, вышэйшым – 4,7. Недаатрымана выручкі ад прадукцыі нізкай якасці — 60 тыс. руб. Прычына банальная — незаўжды аператарамі пры даенні кароў строга выконваюцца тэхналагічныя патрабаванні: нехта забывае зда­іць першыя струмені, нехта апрацаваць спецыяльным растворам саскі.

 

— У выніку па віне асобных людзей зніжаецца якасць усёй прадукцыі, гаспадарка і жывёлаводы у тым ліку недаатрымліваюць грошы, — падкрэсліў дырэктар гаспадаркі.

Яшчэ адна надзённая і вельмі балючая праблема жывёлаводчай галіны — па­дзёж маладняку, які таксама найчасцей адбываецца па прычыне незахавання тэхналагічнага працэсу. Па гэтай прычыне страты склалі 103 тыс. рублёў.  Нельга назваць справаздачны год паспяховым у вытворчасці мяса.

 — Прывагі ў 486 грамаў – гэта не паказчык для «Дружбінца», 600 грамаў — вось наша мэта на наступны год, — падкрэсліў Васілій Жук. 

 Як вынікае са справаздачнага даклада, у гаспадарцы яшчэ нярэдкія выпадкі парушэння працоўнай дысцыпліны. На працягу 2019 года было выяўлена 112 такіх фактаў. Пры ацэнцы работы сельгаспрадпрыемстваў, галоўнымі з’яўляюцца эканамічныя паказчыкі. У цэлым ад рэалізацыі сельгаспрадукцыі за 10 месяцаў сёлетняга года атрымана 145 тыс.руб. Па выніках работы за год  чакаецца 260 тыс. руб. прыбытку.

 Сярэднемесячная зарплата па прадпрыемстве з пачатку года склала 595 руб. і ўзра­сла да ўзроўню 2018 года на 23,9%. Стаіць задача ў наступным годзе павялічыць яе да 690 руб. А для гэтага неабходна забяспечыць рост валавай прадукцыі не менш як на 123%, давесці выручку ад рэалізацыі прадукцыі да 5 581 руб., саб­раць 6 700 т зерня, што на 40% больш, чым за справаздачны перыяд, атрымаць ураджай­насць зерневых і зернебабовых 34,4 ц/га. І, што немалаважна, звесці да мінімуму невытворчае выбыццё жывёлы, бо пакуль падзёж і прырэзка маладняку ў значнай ступені сказваюцца на эканоміцы прадпрыемства.

Выступае артыстка Віцебскай абласной філармоніі

 — Для таго каб нармальна развівацца, своечасова плаціць дастойную заработную плату, купляць неабходную колькасць гаруча-змазачных матэрыялаў, запчастак, мінеральных угнаенняў і іншых неабходных у гаспадарцы матэрыяльных каштоўнасцяў, неабходна дабівацца больш высокіх паказчыкаў ва ўсіх сферах сельскагаспадарчай вытворчасці, павышаць яка­сць прадукцыі. Высокая яка­сць­ – вось галоўны прыярытэт усёй нашай працы, — падкрэсліў кіраўнік сельгаспрадпрыемства.

 

Васілій Жук адзначыў самаадданую працу лепшых механізатараў, раслінаводаў, жывёлаводаў, дзякуючы якой сельскагаспадарчая вытворчасць развіваецца паступальна і заканамерна: УСП «Дружбінец» па вытворчых паказчыках — адна з лепшых гаспадарак у раёне.

 

Работнікі МТФ «Камуна»

З асаблівай  цеплынёй называў дырэктар сельгаспрадпрыемства прозвішчы працаўнікоў гаспадаркі, якія з дня ў дзень добрасумленна і якасна выконваюць свае працоўныя абавязкі. Сярод іх Ірына Гарбачова, Людміла Глінская, Ганна Барышава, Людміла Ступаневіч, Андрэй і Васіль  Біруліны, Віталій і Яўгеній Жагулы, Ігар Рукаль, Ларыса і Юрый Шляхціч, Іван Рыжкоў, Аляксандр Пашкевіч, Міхаіл Падалінскі, Аляксандр Сінякоў. Гэтыя і многія іншыя працаўнікі робяць усё для ўмацавання эканомікі гаспадаркі.

Падзяка камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама за вялікі асабісты ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны была ўручана жывёлаводу 5-га разраду Ірыне Палінар.

Ірына Палінар і Аляксандр Дзерагін — жывёлаводы

 Васілій Жук выказаў таксама глыбокую ўдзячнасць інвестару сельгаспрадпрыемства ААТ «Гомельтранснафта Дружба» за вялікую матэрыяльную падтрымку, а таксама старшыні райвыканкама Васілію Чарадніку — за аказанне дапамогі ў рашэнні вытворчых пытанняў.

Падзякі атрымалі аператары зернесушыльнага комплексу -(злева направа) Іван Рыжкоў, Міхаіл Падалінскі, Юрый Шляхціч

Падчас ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання музычныя віншаванні ў адрас сельскіх працаўнікоў і для ўсіх прысутных на мерапрыемстве гучалі ад артыстаў Віцебскай абласной філармоніі.

Ларыса МУКАМОЛАВА.

 Фота аўтара.