В Сенненском районе зарегистрировали рождение 101 ребенка
У Сенненскім раёне зарэгістравалі нараджэнне 101 дзіцяці. Такі высокі паказчык нараджальнасці, па словах супрацоўнікаў аддзела загса райвыканкама, не фіксаваўся апошнія тры гады.
Пад цікавай лічбай – сенненка Ульяна Парахонька. Першы дакумент дачушкі шчаслівым бацькам – Аліне і Яўгену — спецыялісты загса ўручылі ў зале ўрачыстых абрадаў, куды сям’я завітала ў поўным складзе. Усю цырымонію рэгістрацыі Ульяна вытрымала спакойна. Больш хваляваліся бабулі і дзядуля, якія прысутнічалі на своеасаблівым мерапрыемстве. Начальнік аддзела Ірына Мілеўская разам з пасведчаннем аб нараджэнні ўручыла маладым бацькам памятны сувенір, пажадаўшы, каб іх наследніца расла здаровай дзяўчынкай.
Сужэнцы Парахонькі – сенненцы. Яўген працуе вадзіцелем у ДЭУ-38 філіяла РУП “Віцебскаўтадор”, Аліна да выхаду ў дэкрэтны водпуск была занята ў Шклоўскім райаграсэрвісе эканамістам. Магчымасць вярнуцца на малую радзіму і займацца выхаваннем дачушкі ўспрыняла з радасцю. Сёння сям’я жыве асобна ад бацькоў, пакуль на здымнай кватэры. У планах абзавесціся ўласным жыллём, бо, як прызналіся, Сенненшчына не благое месца для жыцця.
Як назваць дачушку сужэнцы вырашалі разам. Разглядалі розныя імёны, спадабалася Ульяна, якое мае некалькі значэнняў. У перакладзе з лацінскай мовы азначае «з роду Юліяў», другая версія мае значэнне «кучаравая», «пухнатая». Малышка з’явілася на свет 12 лістапада. Гэты месяц для сям’і стаў асаблівым, бо 9 лістапада адсвяткавала свой дзень народзінаў маці дзяўчынкі Аліна.
Ала ЯКАЎЛЕВА.
Фота аўтара.