Сяргей Навіцкі ў рамках акцыі наведаў Сенненскую школу-інтэрнат
У рамках акцыі «Сустрэча перад Раством» Сенненскую школу-інтэрнат наведаў Сяргей Навіцкі, член Савета Нацыяльнага сходу Рэспублікі Беларусь, генеральны дырэктар сумеснага таварыства з абмежаванай адказнасцю «Хенкель Баўтэхнік».
Высокі госць, які прыехаў у навучальную ўстанову не ўпершыню, прывёз мноства падарункаў, самым значным з якіх быў вадкакрышталічны тэлевізар з вялікім экранам.
Дырэктар школы-інтэрната Леанід Казлоў запрасіў госця і яго спадарожнікаў на каляднае прадстаўленне, падрыхтаванае педагогамі і вучнямі ўстановы. Звяртаючыся да дзяцей з віншаваннямі з нагоды свят, Сяргей Навіцкі адзначыў вялікую работу, якая вядзецца ў школе па падрыхтоўцы вучняў да будучага самастойнага жыцця. «Пастаянны клопат пра дзяцей — адзін з галоўных прыярытэтаў дзейнасці дзяржавы»,— падкрэсліў член Савета Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
Намеснік старшыні Сенненскага райвыканкама Зоя Фаміна, якая прымала ўдзел у сустрэчы, таксама павіншавала вучняў і педагогаў з надыходзячымі навагоднімі святамі.
На памяць гасцям гаспадары падарылі сувеніры, зробленыя сваімі рукамі, у тым ліку і ляльку-абярэг.
На выстаўцы «Зімовыя матывы» сталічныя сябры сацыяльнай установы пазнаёміліся з вырабамі майстэрняў «Школы-фабрыкі», якая дае дзецям прафесіі для будучага самастойнага жыцця.
З удзелам гасцей адбылося адкрыццё «Беларускай хаткі». Сяргей Навіцкі зрабіў першы запіс у кнізе водгукаў нацыянальнага музейнага пакоя, дзе мінчан пачаставалі вясковымі беларускімі стравамі.
Таццяна БУРАКОВА
Фота аўтара.