Захапленне жыхаркі Сенненшчыны Вольгі Камандзіравай
У нашы дні нікога не здзівіш такім відам мастацтва, як вышыўка. Але наведаўшы выставачную залу дома рамёстваў, я была прыемна ўражана вялікай разнастайнасцю работ, прадстаўленых на ёй. Многія з іх выкананы сучаснымі майстрыхамі, у тым ліку Вольгай Камандзіравай.
Каля дваццаці гадоў назад захапілася Вольга гэтым відам народнага мастацтва, якое пазней стала часцінкай яе самой, ператварылася ў справу ўсяго жыцця. Убачыўшы ў знаёмай прыгожую вышыўку, так уразілася, што папрасіла ў яе схему і адразу ўзялася за цяжкую для навічка працу — вышыванне вялікай прасціны. Хапала ў жанчыны і настойлівасці, і цярпення, і ўседлівасці, аднаго было мала — вольнага часу. Таму родным часта прыходзілася бачыць Вольгу з пяльцамі ў руках у начныя часы. Існавала шмат праблем з набыццём нітак і схем, такіх неабходных для працы. Але і тут прыходзіла на дапамогу вынаходлівасць: яна купляла і разбірала хусткі, дзіцячае адзенне, каб потым выкарыстоўваць ніткі ў сваіх мэтах.
— Сучаснаму аматару вышывання складана зразумець усе цяжкасці таго часу, — адзначае мая суразмоўца. — Гэта зараз вельмі лёгка можна знайсці сюжэты разнастайных малюнкаў праз гугл ці часопісы накшталт «Вышивка». Не ўзнікае цяпер складанасцей і з набыццём канвы, нітак.
Паступова назапашваўся вопыт, удасканальвалася майстэрства. За першай вышытай прасціной з двума навалачкамі пачалі з’яўляцца карціны, ручнікі, сурвэткі, ікона Мікалая Цудатворца. Сярод мноства работ ёсць у жанчыны і свае, любімыя: «Дама ў шляпе» і «Ружа ў вазе». Дарэчы, пры Ульянавіцкім сельскім клубе (там жанчына працавала да выхаду на пенсію) Вольга нават стварыла гурток «Умелые руки не ведают скуки».
Выказаўшы меркаванне, што на ўсе святы яе знаёмыя і сваякі атрымліваюць ад Вольгі цудоўныя падарункі ў выглядзе вышывак, я памылілася.
— Не, я ўкладаю ў іх стварэнне ўсю сваю душу, таму мне шкада з імі развітвацца.
А трэба адзначыць, што жадаючых набыць карціны Вольгі было нямала. Праўда, і дома ў Камандзіравай работ няма — усе яны знаходзяцца ў доме рамёстваў. А адтуль ужо трапляюць на розныя выставы. У 2008 годзе прымалі ўдзел у конкурсе, які праводзіўся ў рамках фестывалю мастацтваў «Славянскі базар» у Віцебску, прадстаўлялі Сенненскі раён на выставе, прысвечанай Дню горада ў Полацку.
— Вольга Іванаўна стаяла ў вытокаў стварэння клуба майстроў вышыўкі, менавіта з яе бралі прыклад многія нашыя ўмельцы. Яна заўжды ахвотна дзялілася сваімі знаходкамі і зараз пастаянна супрацоўнічае з намі, — адзначае дырэктар Сенненскага Дома рамёстваў Вольга Квашко.
Расказала яна і пра даўнюю мару Вольгі Камандзіравай — вышыць беларускі нацыянальны касцюм. Што яна здзейсніцца, не ўзнікае ніякіх сумненняў. Вольга Камандзірава — не толькі выдатная майстрыха, але і чалавек з актыўнай грамадскай пазіцыяй.
Ганна КОРСАКАВА
На здымку: Вольга Камандзірава злева (фота з архіву); вышыўкі Вольгі Камандзіравай.