В Территориальном центре социального обслуживания населения Сенненского района появилась новая соцуслуга – замещающая семья
У Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Сенненскага раёна ўкаранілі новую форму абслугоўвання састарэлых адзінокіх грамадзян – сацыяльнае абслугоўванне ў замяшчальнай сям’і.
Лёсы людскія складваюцца па-рознаму. Адны заводзяць вялікую сям’ю, і ў старасці забяспечаны доглядам родных і блізкіх. Іншым такога шчасця не даецца, і дажываць век яны застаюцца ў адзіноце.
Не дарма гавораць, што старасць — не радасць. Жыць аднаму нямогламу чалавеку вельмі цяжка, а часам і немагчыма. Замяшчальная сям’я – добры выхад з такога складанага жыццёвага становішча. У раёне іх дзве. У адной, якая пражывае ў аг. Белая Ліпа, пабывала аўтар гэтых радкоў разам з дырэктарам ТЦСАН Тамарай Смірновай і загадчыцай аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Таццянай Вярцінскай.
Добрасумленнае працоўнае жыццё пражыла ўраджэнка вёскі Сапегі, пенсіянерка Валянціна Сапежка. Шмат гадоў шчыравала даяркай у калгасе, працавала на іншых работах у гаспадарцы. А вось на старасць засталася адна, без сям’і. Калі яшчэ было здароўе, неяк змагалася з жыццёвымі праблемамі. Але спраўляцца адной з сялянскім бытам рабілася ўсё больш складана. Да таго ж яшчэ і хата згарэла.
Добрыя людзі адгукнуліся на чужую бяду. Людміла Букіна, жыхарка Белай Ліпы, непадалёк ад якой знаходзяцца Сапегі, запрасіла Валянціну Дзмітрыеўну жыць да сябе.
І вось ужо пяты год старая жыве ў сям’і, якая стала для яе роднай. Бабулька тут не ў абузу. Хаця Людміла Анатольеўна працуе малодшай медыцынскай сястрой у рэанімацыі Сенненскай ЦРБ, а яе муж, Сяргей Валянцінавіч, вадзіцелем у ААТ “Белая Ліпа”, увагай і клопатам новы член сям’і не абдзелены. Дзеці Букіных, дачка і два сыны, ужо дарослыя, а іх бацькі яшчэ даволі маладыя і поўныя сіл людзі, якім стары чалавек не цяжар.
Даведка “ГС”
Замяшчальная сям’я працуе на бязвыплатнай аснове. Калі ж даглядае інваліда І групы, атрымлівае аплату ў суме бюджэту пражытковага мінімуму. На абслугоўванне ў замяшчальнай сям’і бяруцца адзінокія людзі старэйшыя за 70 гадоў. Іх памочнікамі могуць быць грамадзяне ад 18 да 65 гадоў.
Таццяна Буракова.