Новый проект “Голасу Сенненшчыны” расскажет про “детей войны”
Хутка 70 гадоў як мінула з той пары, калі па нашай зямлі ў апошні раз пракацілася вайна. Амаль не засталося яе ўдзельнікаў, што ваявалі на франтах, у партызанскіх атрадах. Але яшчэ шмат малалетніх сведкаў тых жудасных падзей. Якой запомнілася вайна, як яна ўспрымалася пяці-, дзесяцігадовымі? Як склаўся далейшы лёс «дзяцей вайны», журналісты раённага выдання раскажуць у новым праекце «ГС».
Надзея Жвікава жыве ў Старой Беліцы. Ёй 82 гады, 40 з якіх жанчына прысвяціла педагогіцы. Жыве адна, хаця дзеці, іх у жанчыны трое, даўно і настойліва клічуць да сябе. І кожны раз чуюць у адказ: «Не магу я пакінуць родную хату, родныя мясціны. З імі столькі звязана…» Можна было б скарыстацца паслугамі сацыяльнага работніка. Але, каб яго прызначылі, столькі клопатаў пераадолець трэба. Ды і не адчувае Надзея Аляксееўна сябе адзінокай. Прыязджаюць дзеці, унукі, часты госць у яе хаце Марыя Фамянкова. Марыя Сцяпанаўна таксама працавала ў школе. Так што агульных тэм для размовы ў жанчын хапае. Многія з іх чэрпаюць з газет. Знаёмства аўтара гэтай публікацыі з Надзеяй Аляксееўнай адбылося пасля званка, якім жыхарка Старой Беліцы адгукнулася на артыкул, дзе паведамлялася, што ўраджэнка Сянна, якая пасля вайны выйшла замуж у Літву, шукае родных і знаёмых.
«Мы з ёй доўгі час перапісваліся, — расказала Надзея Аляксееўна. — Сувязь перарвалася пасля таго, як аднойчы мне прыйшло паведамленне з просьбай пісаць адрас на літоўскай мове».
Хутаране
Надзея Жвікава (Шумкова ў дзявоцтве) нарадзілася ў 1931 годзе і была другім дзіцяці ў сям’і, якая доўгі час жыла на хутары, непадалёку ад вёскі Оўсішча. Хутаране мелі свой надзел зямлі, трымалі жывёлу. Бацька займаўся кавальскай справай. Мабыць, так бы і жылі з уласнай гаспадаркі. Ды пачалася калектывізацыя. Гаспадар не спяшаўся ўступаць у калгас, але выбару яму не пакінулі. Аднойчы, калі Аляксей Шумкоў знаходзіўся ў бальніцы, з’явіліся людзі, якія знялі з хаты палову страхі. Сям’я вымушана была пераехаць у Оўсішча. «Тата пасля хваробы быў яшчэ слабы. Таму ён толькі падказваў, што і як рабіць. Асноўныя работы выконваў малодшы брат мамы», — працягвае свой аповед мая субяседніца.
У 1935 годзе дзеці засталіся без маці. Пры тым узроўні развіцця вытворчых сіл у сельскай гаспадарцы сям’я не магла існаваць без жанчыны. І праз некаторы час у дзяцей з’явілася мачаха, у бацькі — новая жонка. Да вайны сям’я папоўнілася яшчэ адным дзіцяці.
«Мы з братам звалі мачаху «цёцечкай». Так яна захацела. Як толькі прыйшла ў сям’ю, сказала: «Лепш я буду для вас добрай цёткай, чым дрэннай маці. Але яна выгадавала нас, не кінула нават у вайну. Мы з братам абавязаны ёй жыццём», — лічыць Надзея Жвікава.
Вайна пад стрэхамі
Вайна прынесла сям’і новыя выпрабаванні. Летам 1942 года немцы расстралялі каваля Аляксея Шумкова. І не толькі яго. Такі ж лёс напаткаў вясковага шаўца, краўца, бо яны дапамагалі партызанам. Не маглі не дапамагаць. Як мог адмовіць у дапамозе бяззбройны чалавек?
Сям’ю немцы не зачапілі, хаты не спалілі. Толькі выгналі на вуліцу. Калі арыштаваных пагналі за вёску, мачаха паслала старэйшага з дзяцей следам. Хлапчук знайшоў месца расстрэлу, па адзенні пазнаў у яме труп бацькі.
Шумковы яшчэ доўга жылі па суседзях. Баяліся, што ноччу зноў прыдуць немцы і забяруць. А калі перабраліся ў родную хату, сувязь з партызанамі аднавілася. Людзі з лесу прыходзілі часта, начавалі, часам заставаліся на адпачынак на некалькі дзён па 10-15 чалавек. Хата у Шумковых была вялікая. Надзея чысціла бульбу, мачаха гатавала есці. Мяса, звычайна, партызаны прыносілі, бульбы, іншай гародніны ў вяскоўцаў хапала. Тыя вечары, тая ежа, прысмакай да якой быў страх, памятаюцца да гэтай пары.
А вось як, чаму сям’я аказалася ў Чашніцкім раёне, Надзея Аляксееўна не можа растлумачыць. Падаліся з роднай вёскі не толькі Шумковы. Помніцца заснежаная дарога, акопы, бліндаж, у якім столькі назбіралася людзей, што не маглі адчыніць дзверы, калі запатрабавалі немцы. Яны пачалі страляць і забілі жанчыну, якая стаяла перад выхадам з бліндажа. Перад адступленнем немцы сагналі ўсіх у адну з хат, забілі вокны дошкамі і зачынілі дзверы на чапок. Суседнія пабудовы падпалілі і пайшлі. Відаць, разлічвалі, што ад іх загарыцца і хата з людзьмі. Гэтага не здарылася, бо дарослыя дапамаглі Надзі праз невялікую шчыліну вылезці на вуліцу, і яна адчыніла дзверы. Помніцца, чырвонаармеец, які хацеў аддаць дзяўчынцы наручны гадзіннік, ды мачаха не дазволіла прыняць такі падарунак.
Магла стаць фармацэўтам
У школу Надзея хадзіла ў Латыгаль. Вучылася добра. Пасля заканчэння школы з сяброўкамі паехала паступаць у Магілёўскае фармацэўтычнае вучылішча. Калі экзамены вытрымалі, высветлілася — у навучальнай установы няма інтэрната. Давялося дзяўчатам вяртацца дамоў, каб хутка зноў пакінуць яго. На канікулы ў вёску прыехалі ранейшыя выпускніцы Латыгальскай школы. Дзяўчаты вучыліся ў Лідскім педвучылішчы. «Паехалі з намі, — прапанавалі яны. — У вашых экзаменацыйных лістах — добрыя адзнакі, так што шанц ёсць».
Так Надзея Шумкова аказалася на супрацьлеглым канцы Беларусі. Дырэктар педвучылішча, дарэчы, Герой Савецкага Саюза, інвалід без рукі, пасля размовы з дзяўчатамі і нарады з педсаветам прапанаваў: «Засяляйцеся ў інтэрнат і прыходзьце на заняткі. Паралельна будзеце здаваць экзамены ў нашу навучальную ўстанову».
Нашы зямлячкі паспяхова вытрымалі іспыты ў педвучылішча. І не толькі яны. Навучэнцаў набралася ўдвая больш патрэбнага. Зрэшты, першы месяц заняткаў усіх расставіў на свае месцы. Нехта вымушаны быў пакінуць навучальную ўстанову, бо не хапала ведаў, нехта не змог вучыцца без стыпендыі. Надзея яе атрымлівала і, нават, грошы за інтэрнат як сірата не плаціла.
Непрыкметна праляцелі гады вучобы. Дачка вясковага каваля атрымала дыплом, які засведчыў: Надзея Шумкова — настаўніца пачатковых класаў. Першым месцам працы для маладога спецыяліста стала школа ў Лідскім раёне, на самай мяжы з Літвой. Працавала настаўніцай, потым дырэктарам пачатковай школы. Пасля курсаў удасканалення атрымала права на выкладанне рускай мовы ў 5-7 класах.
Спецыялістаў пасля вайны ў заходняй Беларусі не хапала. Нават участковым міліцыянерам быў ураджэнец Магілёўскай вобласці. Мясцовыя баяліся працаваць у дзяржаўных установах, бо па лясах яшчэ блукалі «лясныя браты». Не-не ды і стралялі, забівалі людзей, рабавалі магазіны, паштовыя аддзяленні. Аднойчы нехта настойліва пастукаў у дзверы школы, дзе працавала і жыла Надзея Шумкова.
«Пашанцавала, бо ў памяшканні нас жыло некалькі чалавек. А каб была адна, невядома, чым бы гэты візіт закончыўся», — успамінае яна.
У тое лета маладая настаўніца зноў прыехала ў Оўсішча. І да ранейшага месца працы больш не вярнулася. Эдуард Жвікаў, былы партызан і салдат, зрабіў ёй прапанову, ад якой маладыя дзяўчаты не адмаўляюцца.
«Мы пражылі шчаслівае жыццё. Шкада, што Эдуард рана пакінуў гэты свет. Вось у гэтай хаце ўсё зроблена яго рукамі: ад зруба да вокнаў і дзвярэй. Эдуард настаяў, каб мы сталі будаваць свой кут, хоць я не хацела пакідаць свякроў, якая была вельмі спагадлівым чалавекам», — успамінаючы пражытае, жанчына ўзгадвае не толькі нягоды. Не, яны не сцёрліся з памяці. І ўсё ж выжыць, лічыць Надзея Жвікава, дапамагалі дабрыня, узаемадапамога, самаахвярнасць, тыя чалавечыя якасці, што робяць чалавека чалавекам. «Дапамагалі такія людзі, як мая мачаха, мой бацька», — упэўнена яна.
Аляксандр ІЎЕЎ.