На Сенненщине прошла районная спортивно-патриотическая игра «Зарница»
Каманда “Каскад” першай гарадской школы перамагла ў раённай спартыўна-патрыятычнай гульні “Зарніца”. Летась яна была трэцяй.
У мерапрыемстве, якое на мінулым тыдні прайшло ў фізкультурна-спартыўным комплексе “Алімп” Сянна, прынялі ўдзел 11 каманд юнармейцаў, а гэта каля 150 юнакоў і дзяўчат. Гульня аб’яднала актывістаў БРСМ і піянерскай арганізацыі.
Адкрываючы “Зарніцу”, Зоя Фаміна, намеснік старшыні райвыканкама, адзначыла асаблівасць і значнасць спаборніцтва, якое дазваляе згуртавацца, матывуе на актыўную працу ў камандзе. “Гэта адно з тых мерапрыемстваў, якое выхоўвае ў моладзі пачуццё патрыятызму, адказнасці, вучыць заваёўваць перамогі і памятаць пра подзвіг тых людзей, дзякуючы якім мы сёння жывем у незалежнай Беларусі”, — адзначыла Зоя Сцяпанаўна.
Праграма гульні была насычана эстафетамі і конкурсамі. Першым выпрабаваннем стаў агляд строю і песні “Аты-баты ішлі салдаты…”. Узровень страявой падрыхтоўкі каманд па асноўных крытэрыях — павароты на месцы, у руху, выкананне страявой песні — ацэньваў Дзмітрый Ермакоў, ваенны камісар раёна. Удзельнікам неабходна было паказаць уменне зладжана маршыраваць ў калоне, правільна і дакладна выконваць каманды.
Тое старанне, з якім дзеці гэта рабілі, заслугоўвае павагі. Выразныя і зладжаныя рухі не засталіся па-за ўвагай. Як не засталася па-за ўвагай і песня атрада “Ястраб” Какоўчынскай ДССШ, выкананая на беларускай мове.
Цікавым атрымаўся творчы конкурс інсцэніраванай музыкальнай кампазіцыі “Пра подзвіг і доблесць спяваем”. Свае здольнасці паказвалі вакалісты і танцоры, якія стараліся ўжыцца ў сцэнічныя вобразы ваеннага часу.
Кожны імкнуўся зрабіць свой нумар запамінальным. Асабліва эмацыянальным было выступленне Студзёнкаўскай, Беліцкай, Яноўскай школ, Сенненскай школы-інтэрната. Міні-тэатралізаванае прадстаўленне разыгралі вучні другой гарадской школы.
Багушэўцы ўразілі тым, што ў сваім нумары выкарысталі партрэты воінаў-землякоў, якія змагаліся ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Юныя армейцы спрабавалі сябе і ў ролі ваенных рэпарцёраў у конкурсе “Раўненне на мужнасць”. На суд журы кожная каманда прапанала сваю насценгазету.
Спартыўна-патрыятычная гульня скіравана і на выяўленне фізічнай падрыхтаванасці дзяцей. Менавіта паласа перашкод «Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго», якую прапаноўвалася прайсці, выяўляла мацнейшых.
Удзельнікі кідалі гранату, стралялі з пнеўматычнай вінтоўкі, дастаўлялі пацярпелага, праходзілі своеасаблівую “мышеловку” і інш.
Другое месца па выніках “Зарніцы” ў «Патрыёта» СШ №2 райцэнтра, трэцяе падзялілі паміж сабой “Страла” Студзёнкаўскай школы і “Патрыёт” з Багушэўска.
Ала ЯКАЎЛЕВА.