Вучні Багушэўскай СШ №2 пабывалі на навагоднім прадстаўленні ў Палацы Рэспублікі

  Belarus_Minsk_Palace_of_Republic_3 Вучні 1-6 класаў Багушэўскай СШ №2 пабывалі на навагоднім прадстаўленні «Віртуальны Новы год» у Палацы Рэспублікі. 

   Грандыёзныя дэкарацыі, незвычайныя светлавыя эфекты, лепшае гукавое абсталяванне, захапляльны сцэнарый на сучасны лад, больш за 100 акцёраў, прафесійнае музычнае напаўненне казкі, прыгоды, жарты, песні, вясёлыя танцы і многае іншае — усё гэта падаравала маленькім багушэўцам незабыўныя ўражанні.

  Па словах Надзеі Трусавай, якая «падарожнічала» разам з унукам, паездка аказалася вельмі пазнавальнай. На ўсім шляху экскурсавод расказвала дзецям пра цікавыя факты з гісторыі гарадоў, што трапляліся на шляху: Талачына, Крупак, Барысава і інш.

 Хлопчыкі і дзяўчынкі таксама пабывалі ў Нацыянальнай бібліятэцы, дзе ўразіліся Музеем кнігі, чытальнымі заламі, шклянымі падлогамі, монарэльсамі. А найбольш смелыя падняліся на аглядавую пляцоўку бібліятэкі, з якой адкрываецца цудоўная панарама на сталіцу і яе наваколле.

 Галоўным арганізатарам паездкі выступіла педагог другой гарпасялковай школы Таццяна Булаткіна.

 Ірына ХАСАНАВА.