В школьном музее Мошканской школы хранится легендарный стол Петра Машерова
У музеі баявой і працоўнай славы Машканскай школы захоўваюцца шматлікія фотаздымкі і экспанаты нашага земляка Пятра Машэрава.
З апошніх набыткаў – кабінетны гарнітур: асабісты працоўны стол і крэсла палітычнага дзеяча, за якімі ён праводзіў гадзіны, працаваўшы з дакументамі дома. Гэтыя рэчы некалькі гадоў з’яўляюцца часткай экспазіцыі, прысвечанай Пятру Міронавічу, падзялілася Таццяна Каранеўская, кіраўнік аб’яднання па інтарэсах «Памяць». «Стол і крэсла доўгі час знаходзіліся ў яго кватэры. Перадала іх установе адукацыі яго дачка Наталля, — расказвала Таццяна Паўлаўна. – Мала хто ведае, што гэты кабінетны гарнітур зроблены па чарцяжах яго ўладальніка. Пётр Машэраў валодаў канструктарскімі здольнасцямі. Можна сказаць, сам пад сябе і распрацаваў пісьмовую мэблю».
У якім годзе яна была зроблена, на жаль, невядома. Наталля Пятроўна не падзялілася такой інфармацыяй. Галоўнае, што адзначыла жанчына ў час наведвання школы, ёй прыемна бачыць, што ў музеі яны знайшлі пачэснае месца, захаваны і даступныя для кожнага, акцэнтавала Таццяна Каранеўская, якая добра памятае той візіт.
Манументальны цёмна-карычневага колеру стол, зроблены літарай «Г». Ён масіўны і адначасова лёгкі ва ўспрыманні. Кожны аддзел стала мае сваё прызначэнне, расказвала Таццяна Каранеўская. Тут некалькі адчыненых і зачыненых шуфляд, розныя яны і па памерах. «Крэсла з невысокай спінкай на металічнай ножцы, — апісвала рэч Таццяна Каранеўская. — Па словах дачкі Наталлі, яго некалькі разоў перацягвалі другой тканінай. Безумоўна, была магчымасць купіць новы, але Пётр Міронавіч не хацеў: старое крэсла было вельмі дорога яму».
Пасядзець за легандарным сталом – своеасаблівы рытуал, які прыносіць поспех, сцвярджаюць настаўнікі. Таму кожны, хто наведвае школьны музей, спяшаецца зрабіць гэта, як кажуць, на ўдачу.
«І вы ведаеце, па нашых назіраннях – працуе, — гаварыла Таццяна Паўлаўна. – Ёсць людзі, якія пабывалі тут і хтосьці зрабіў кар’еру, а хтосьці зарэкамендаваў сябе як добры спецыяліст».
Вось яна, моцная энергетыка Пятра Машэрава, якая працуе і праз дзесяцігоддзі.
Ала ЯКАЎЛЕВА.
Фота прадастаўлена Т.Каранеўскай.