Председатель Сенненского райисполкома Василий Чередник: нужны конкретные действия, а не отписки
Значная частка вытворчай нарады была прысвечана аналізу выкананя пратакола даручэнняў, складзенага па выніках ранейшых планёрак. Як заўважыў Васілій Чараднік, “патрэбны канкрэтныя дзеянні, а не адпіскі”.
Разглядаючы прычыны, па якіх у значнай частцы сельгасарганізацый да гэтага часу работнікі, занятыя на працы ў шкодных умовах, не прайшлі медыцынскі агляд, старшыня райвыканкама нагадаў аб Дэкрэце №5 Прэзідэнта, які абавязвае кіраўнікоў забяспечыць бяспечныя ўмовы працы. Невыкананне гэтага пункта прадугледжвае спыненне дзеянне кантракта.
Дэталёва аналізавалася сітуацыя з навядзеннем парадку ў населеных пунктах, на зямлі. Укладанне бюджэтных сродкаў у добраўпарадкаванне на жаль не дае жаданага выніку. А таму тактыка дзеянняў у гэтай сферы мяняецца. Па-першае, больш жорсткімі становяцца патрабаванні да ўласнікаў сядзіб, утрымання жылых і гаспадарчых пабудоў. Дакладней, яны павінны ўтрымлівацца ў адпаведнасці з устаноўленымі санітарнымі, архітэктурнымі, экалагічнымі патрабаваннямі, ёсць неадпаведнасць – будуць выносіцца папярэджанні, недастаткова гэтага – будуць выкарыстаны пратаколы аб адміністрацыйных парушэннях, якія найчасцей прадугледжваюць штрафныя санкцыі.
Людзі павінны нарэшце зразумець, што добраўпарадкаванне населеных пунктаў, барацьба з пустазеллем, сметнікамі будзе весціся ўсімі даступнымі сродкамі. Не зробяць уласнікі ўласнымі сіламі, зробяць за іх кошт. Вызначаны падыход трэба даводзіць актыўна не толькі праз сродкі масавай інфармацыі. Важна непасрэдна кантактаваць з людзьмі, тлумачыць праз старэйшын, грамадскія арганізацыі.
Узмацняюцца патрабаванні да кіраўнікоў арганізацый, мясцовых органаў улады. На думку кіраўніка раёна кожны з іх павінен ведаць і дакладна выконваць свае абавязкі. У гэтым залог поспеху ў вытворчай дзейнасці, гарантыя сацыяльнай стабільнасці.
Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.