На Сенненщине прошёл районный туристический слёт работающей молодежи
Чарговы турыстычны злёт рабочай моладзі прынёс перамогу камандзе Багушэўскага лясгаса. Аматары турызму прадпрыемства сталі лепшымі сярод сямі каманд, што сабраліся ў мінулыя выхадныя ў Багданаўскім бары.
Свой намёт сенненскія турысты традыцыйна разбілі на беразе аднайменнага возера. Праграма спаборніцтваў таксама застаецца нязменнай на працягу некалькіх гадоў. Як і група пастаянных удзельнікаў спаборніцтваў. Зрэшты, сёлета была на турзлёце і каманда-навічок – аматары-турысты з саўгаса імя Машэрава прадстаўлялі ўсю сельскую гаспадарку.
Адкрыццё турыстычнага злёту адбылося ў мінулую пятніцу. У той жа вечар быў дадзены старт праграме спаборніцтваў. Арганізатары і суддзі запрасілі прадстаўнікоў каманд на арыентаванне на мясцовасці. Яно адразу засведчыла, што барацьба будзе ўпартай. Так і здарылася, асабліва на паласе перашкод, у турыстычным трыятлоне, дзе неабходны былі чыста спартыўныя навыкі.
Каманды маглі набіраць балы і па дадатковых паказчыках: ацэньваліся нумары мастацкай самадзейнасці, парадак у лагеры, форма адзення. У выніку другое месца было прысуджана камандзе аддзела па адукацыі райвыканкама, трэцяе – райспажыўтаварыства.
— Каманды-прызёры аддзялілі літаральна лічаныя ачкі, — удакладніў Анатоль Гарнак, суддзя турыстычных спаборніцтваў.
Аднак на турыстычны злёт маладыя прадстаўнікі працоўных калектываў ехалі не толькі, каб паказаць свае спартыўныя навыкі. Многія скарысталі шанс, каб адпачыць на ўлонні прыроды, сярод сяброў.
— У камандах пераважаюць прадстаўнікі маладога пакалення. Многія хлопцы і дзяўчаты – маладыя спецыялісты, якія прыехалі ў раён пасля заканчэння розных навучальных устаноў. Турзлёт – гэта яшчэ і магчымасць пазнаёміцца, наладзіць кантакты, — упэўнены Сяргей Мяцеліца, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама. Аддзел на працягу многіх гадоў выступае адным з арганізатараў турыстычнага злёту.
Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.
Фота аўтара.