Як напоўніць гектар прадукцыяй
Пра гэта ў час семінара, арганізаванага спецыялістамі агранамічнай службы ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, гаварылі галоўныя аграномы і кіраўнікі сельгасарганізацый раёна. Вучоба прайшла з выездам у поле. Госці на чале з Леанідам Хірэвічам, начальнікам райсельгасхарчу, завіталі ва ўрочышча «Ракаў Засценак» унітарнага прадпрыемства «Дружбінец».
Амаль 60 тыс. тон збожжа намалацілі сёлета хлебаробы Сенненшчыны. Ураджай атрыманы хоць не рэкордны, але даволі прыстойны. Тым не менш з пачаткам сяўбы азімых зерневых культур спецыялісты агранамічнай службы раёна, галоўныя аграномы і кіраўнікі гаспадарак выказалі заклапочанасць у сувязі з … недаборам ураджаю. Дакладней, як сказала першы намеснік начальніка райсельгасхарчу і кіраўнік раённай агранамічнай службы Антаніна Сунцеева, у сувязі з «не поўным гектарам».
На полі, дзе вялася сяўба трыцікале, яшчэ нядаўна рос азімы рапс, які лічыцца адным з лепшых папярэднікаў для вырошчвання зерневай культуры. Своечасова было праведзена ворыва. Лёгкасугліністыя глебы, якія таксама адпавядаюць самым строгім тэхналагічным патрабаванням, запраўлены неабходнай колькасцю ўгнаенняў. На першы погляд, усе аперацыі праведзены ў адпаведнасці з тэхналагічнымі патрабаваннямі. Чаму ж тады ва УП «Дружбінец» у сёлетняе жніво атрымалі ўсяго па 22 цэнтнеры збожжа? Можа тэхналогія строга захоўваецца толькі ў час правядзення семінара?
А што мае на ўвазе Антаніна Сунцеева, ужываючы словазлучэнне «поўны гектар»? «Канешне, гэта не толькі пасяўная плошча ў поўным аб’ёме, апрацаванае і дагледжанае поле, — прама выказалася яна. — Немалаважную ролю іграюць тэрміны правядзення работ. Сёлетні ўраджай у ААТ «Сенненскі райаграсэрвіс» у многім абумоўлены своечасовай сяўбой і ўборкай».
І з галоўным тэхнолагам палёў нельга не пагадзіцца. Сёлетняй вясной сяўба ў «Дружбінцы» пачалася позна (500 гектараў было пасеяна па-за межамі аптымальных тэрмінаў), як і жніво. Потым спрабавалі, дзякуючы высокай арганізацыі працы, стымуляцыі механізатараў рублём,навярстаць упушчанае, знайсці страчанае. Ды, відаць, не атрымалася. Як кажуць, не трэба глыбока капаць, каб зрабіць такія вывады. Хочацца верыць, што да іх прыйшлі ў самой сельгасарганізацыі.
Сёлетняй вясной большасць гаспадарак палявыя работы пачынала без азотных угнаенняў. Гэта таксама не магло не адбіцца на паўнаце гектара. А хто палічыў, у што абыходзіцца адсутнасць на палях брыгадзіраў, якія абавязаны кантраляваць работу механізатараў? Такія пасады былі нават у невялікіх калгасах савецкай пары. Чаму іх скасавалі ва ўмовах узбуйнення сельгасарганізацый, не паддаецца логіцы. Хаця не. Усе гэтыя нюансы арганізацыйна-тэхналагічнага характару лагічна праяўляюцца ў няпоўным гектары. У насенняводчым саўгасе імя Данукалава сёлета з плошчы 350 гектараў, што была засеяна зернясумессю пялюшкі з пшаніцай, атрымалі па 11 цэнтнераў зерня. Спецыялісты без тлумачэнняў разумеюць, што нават пры самых неспрыяльных умовах надвор’я ўраджайнасць павінна была быць куды большай. Зрэшты, пра гэта сведчыла і біялагічная ўраджайнасць поля. Чаму не атрымалі яе, тэма для іншай размовы.
«Для пачатку перамераем поле», — падкрэсліла ў час семінара Антаніна Сунцеева.
У час вучобы ніхто не выказваўся супраць неабходнасці захавання пры правядзенні пасяўных, доглядных, уборачных работ тэхналагічных патрабаванняў. Але для гэтага, як мінімум, кіраўнікам і спецыялістам сельгасарганізацый неабходна наладзіць больш жорсткі кантроль за дзейнасцю механізатараў, іншых непасрэдных удзельнікаў сельскагаспадарчых работ.