Баравіка-волата пашанцавала знайсці жыхару Сянна Уладзіміру Мазанаву
Мужчына — заўзяты аматар «ціхага палявання». А таму, прызнаецца ён, у гэтую спрыяльную для грыбнікоў вераснёўскую пару імкнецца як мага часцей наведвацца з кошыкам у лес.
Свайго волата Уладзімір знайшоў у алешніку паблізу кар’ера «Оўсішча». «Цар» баравікоў хаваўся пад бярозавай галінай. Ужо дома Уладзімір узважыў лясны трафей. Вага грыба склала без малога 1,4 кілаграмы! Блізкія падказалі аднесці знаходку на паказ у рэдакцыю «раёнкі».
Па словах спадара Мазанава, сустракаліся ў яго «грыбніцкай кар’еры» экзэмпляры і паболей, але ўсе яны былі чарвівыя.
Дарэчы, на гэтым сюрпрызы ад матухны-прыроды для паспяховага грыбніка ў той дзень не скончыліся. Сенненца чакаў багаты ўраджай: побач з волатам расло яшчэ звыш трох дзясяткаў меншых па памеры баравікоў.
Вольга БАНДАРЭВІЧ.
На здымку: Уладзімір Мазанаў са сваім трафеем.