Ко Дню работников нефтяной, газовой и топливной промышленности. Даставіць газ спажыўцу: бяспечна, своечасова
Такія патрабаванні прад’яўляюцца да работнікаў РУП «Сяннорайгаз», якія развозяць жыхарам раёна балоны, напоўненыя блакітным палівам.
Аб’ём спажывання прыроднага газу павялічваецца, звадкаванага — змяншаецца. Змяншаецца і колькасць газабалонных установак, якімі карыстаюцца сенненцы. А значыць работнікам прадпрыемства даводзіцца менш дастаўляць насельніцтву балонаў. Але, як заўважыў галоўны інжынер РУП «Сяннорайгаз» Дзмітрый Губарэвіч, работы ад гэтага менш не стала: «Больш увагі надаём захаванню тэхнікі бяспекі пры эксплуатацыі газабалонных установак, культуры абслугоўвання».
Напярэдадні прафесійнага свята Віктар Правілаў, вадзіцель аўтамабіля для перавозкі балонаў, і слесар Сяргей Ільіных дастаўлялі балоны жыхарам Ходцаўскага сельсавета. У вёсцы Паршні выканалі дзве заяўкі, у тым ліку пенсіянеркі Лідзіі Сіняковай. Жанчыне — больш за 80 гадоў. Зразумела, што памяняць балон яна не ў стане, нават калі б прайшла курс навучання па правілах бяспекі. На гэты раз, перш чым замяніць балон, работнікі РУП «Сяннорайгаз» выказалі прэтэнзіі да стану скрыні, дзе ўстаноўлены газавыя балоны. Давялося Лідзіі Цімафееўне клікаць сына, каб падфарбаваў яе.
Па словах Сяргея Ільіных, у яго абавязкі ўваходзіць не толькі замена балонаў. Ён нясе адказнасць за захаванне карыстальнікамі звадкаванага газу тэхнікі бяспекі. Таму па патрабаванні некаму даводзіцца ўстанаўліваць у акне фортку, каб палепшыць вентыляцыю памяшкання, камусьці — ліст бляхі ля газавай пліты і тым самым выключыць пажарную небяспеку. «Большасць людзей з разуменнем ставіцца да нашых патрабаванняў, выконвае іх пасля тлумачэнняў. Для тых, хто ўпарціцца, маюцца больш дзейсныя меры — пішам акты-прадпісанні, дзе папярэджваем — калі недахопы не будуць ухілены, балон мяняцца не будзе», — падсумаваў свой расказ Сяргей Ільіных.
У РУП «Сяннорайгаз» — невялікі, але стабільны калектыў, дзе працуюць адказныя людзі, якія прафесійна выконваюць свае абавязкі і тым самым своечасова забяспечваюць патрэбу людзей у паліве, бяспечную эксплуатацыю газавых установак.
Наш кар.
На здымку: Сяргей Ільіных і Віктар Правілаў гутараць з жыхаркай вёскі Паршні Лідзіяй Сіняковай — пра сур’ёзнае весела.