У новы навучальны год з падарункамі і наказамі ад знакамітых землякоў
У мінулую суботу ў школах краіны прайшлі першавераснёўскія лінейкі. У Сенненскай сярэдняй школе №1 на першую лінейку навучальнага года сабраліся 518 вучняў, 47 з іх – першакласнікі.
Мерапрыемства пачалося агульнарэспубліканскай акцыяй “Спяём гімн разам”. Па традыцыі ў пачатку новага навучальнага года першаму слова было прадастаўлена дырэктару школы Аляксандру Ладыжыну, які павіншаваў усіх са святам. Вучням пажадаў поспехаў у вучобе, а настаўнікам і бацькам – творчых поспехаў і цярпення.
Сёлета, у Год малой радзімы, установу адукацыі наведаў наш зямляк, былы выпускнік школы, першы намеснік старшыні абласнога выканаўчага камітэта Алег Мацкевіч. Высокі госць пажадаў вучням дасягаць пастаўленых мэт, не баяцца цяжкасцей, настойліва авалодваць ведамі, якія дапамогуць дабіцца поспеху ў далейшым жыцці.
Павіншаваў школьнікаў, педагогаў і бацькоў з 1 верасня старшыня раённага выканаўчага камітэта Васілій Чараднік, які звярнуўся да прысутных не толькі як кіраўнік раёна, але і як бацька, для якога самае дарагое на свеце багацце – дзеці. З пажаданнямі вучням займацца фізкультурай і спортам, весці здаровы лад жыцця Васілій Анатольевіч падарыў школе набор спартыўных мячоў. А будучым выпускнікам старшыня райвыканкама пажадаў пасля атрымання прафесіі вярнуцца ў свой раён, каб працаваць на карысць малой радзімы.
Удзел ва ўрачыстай лінейцы таксама прынялі майстар спорту па грэка-рымскай барацьбе, чэмпіён Рэспублікі Беларусь, выпускнік школы Максім Кажарскі, прадстаўнікі арганізацый-шэфаў. Эканаміст ВДМС Марына Грыгаран уручыла граматы школьнікам, якія ў час летніх канікул працавалі ў сельгасараганізацыі.
З прывітальным словам выступілі самыя маленькія вучні, якія ў гэты знамянальны для іх дзень у першы раз пераступілі парог школы, пазнаёміліся са сваёй першай настаўніцай. Першакласнікі атрымалі падарунак ад Прэзідэнта нашай краіны Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі – кнігі “Беларусь – наша Радзіма”, якія ўручылі Алег Мацкевіч і Васілій Чараднік. Адзінаццацікласнікі на правах старажылаў школы ўручылі сваім малодшым сябрам сімвалічныя ключы ад Краіны Ведаў. Падарункам першакласнікам і ўсім удзельнікам святочнай лінейкі стала “Вясёлая песенька” ў выкананні дзіцячай вакальнай групы “Кропелькі”.
Першы званок “у выкананні” вучня выпускнога класа Данілы Ігнатовіча і вучаніцы першага класа Марыі Рыбчанка паклікаў на першы ў навучальным годзе ўрок пад назвай “Мне выпала шчасце тут нарадзіцца”, прысвечаны Году малой радзімы.
Таццяна Буракова.
Фота аўтара.