В Городке прошел День белорусской письменности
Юбілейны ХХХ Дзень беларускага пісьменства прайшоў у Гарадку, на радзіме вядомага літаратара, аўтара сатырычна-гумарыстычнай паэмы «Тарас на Парнасе» Канстанціна Вераніцына.
На працягу двух дзен Гарадок быў цэнтрам культурнага прыцягнення, прымаў гасцей не толькі з розных куткоў Беларусі, але і з іншых краін. У іх ліку пісьменнікі і паэты, навукоўцы, жывапісцы, мастацтвазнаўцы, палітолагі. Скажу без перабольшвання: маштабна, з размахам прайшло свята нацыянальнага друкаванага слова.
Працавала вялікая колькасць тэматычных пляцовак, праходзілі канферэнцыі, круглыя сталы, прэзентацыі розных праектаў, майстар-класы і многае іншае. Насычаная культурная праграма нікога не пакінула абыякавым, яна была распрацавана на любы густ і ўзрост. Толькі фестываль кнігі і прэсы разгарнуў тэматычныя экспазіцыі, прэзентацыі і інтэрактыўныя пляцоўкі на адзінаццаці лакацыях.
Тут можна было пазнаёміцца з апошнімі кніжнымі выданнямі сучаснікаў і класікаў, а таксама з гістарычнай, краязнаўчай, дзіцячай, вучэбна-метадычнай, навуковай літаратурай. Была магчымасць паслухаць як чытаюць свае творы паэты і пісьменнікі. Выдавецтва БЕЛТА прадставіла кнігі пра генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны «Последние свидетели» і «Архивы. Ничего, кроме правды».
На пляцоўцы рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі «Стужка часу Віцебшчыны» не толькі з дзейнасцю сваіх рэдакцый знаёмілі карэспандэнты газет «Витебские вести», «Віцьбічы», «Родныя вытокі», «Веснік Глыбоччыны», «Дзвінская праўда», «Аршанская газета», «Браславская звезда», але і прапаноўвалі рознага плану майстар-класы, віктарыны. Акунуцца ў атмасферу мінулага і прасачыць шлях развіцця медыя да сучаснасці запрашалі карэспандэнты БЕЛТА. Прапанавалі паглядзець на тэхніку, на якой працавалі супрацоўнікі агенцтва з даваеннага перыяду.
Не толькі пачуць «слова», але і паглядзець як раней друкавалі кнігі прапанавалі супрацоўнікі полацкага Дома друкара. Яны запрашалі жадаючых зрабіць старонку на станку, зробленым, дарэчы, па макетах першадрукара Іагана Гутэнберга.
Ярка прайшоў фестываль народнай творчасці і фальклору «Гарадоцкі Парнас». Ён уключаў у сябе акцыю «Чытаем паэму «Тарас на Парнасе» разам», прэзентацыю гісторыка-культурнай спадчыны Гарадоччыны, час паэзіі «Вераніцынская зорка», адкрыты конкурс народнай творчасці «Ці знаў хто з вас, браткі, Тараса?» Ведаеце, усяго і не пералічыш. А вось, што адзначыць трэба: гэтую лакацыю наведвалі сем’ямі.
Сенненцы таксама прынялі ўдзел у святкаванні Дня беларускага пісьменства. Па-сапраўднаму запамінальнай была пляцоўка нашых землякоў на свяце славянскіх традыцый «Павятовы горад». Жывы гук, песні, пераапранутыя людзі ў адзенне XVIII—XIX ст. і самі Карл і Марыя Свяцкія, якія запрашалі гасцей закружыцца ў танцах.
Шмат мерапрыемстваў было праведзена для моладзі. Адно з літаратурных – гала-канцэрт і цырымонія ўзнагароджання пераможцаў рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка». Творы беларускіх пісьменнікаў і паэтаў прагучалі са сцэны Гарадоцкага гарадскога Дома культуры.
Запамінальным юбілейны Дзень беларускага пісьменства для гасцей стане і эксклюзіўным кінапаказам фільма «На другом берегу». У ім узнаўляюцца падзеі далёкага 1925 года, калі частка Заходняй Беларусі знаходзілася пад акупацыяй палякаў. Гэта той перыяд, калі знішчалася наша культура, мова. Афіцыйная прэм’ера кінастужкі – 14 верасня напярэдадні Дня народнага адзінства.
Асноўнай тэмай свята, безумоўна, стаў юбілейны Дзень пісьменства. Знайшлі сваё адлюстраванне таксама тэмы Года міру і стварэння, 140-годдзя з дня нараджэння Янкі Маўра, гісторыі і культуры гарадоцкай зямлі і 80-годдзя вызвалення Гарадка ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Ганаровымі гасцямі свята сталі Ігар Петрышэнка, намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь, Аляксандр Субоцін, старшыня Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта, Ігар Брыло, памочнік Прэзідэнта — інспектар па Віцебской вобласці, Уладзімір Пярцоў, міністар інфармацыі. Яны прынялі ўдзел у адкрыцці новай скульптурнай кампазіцыі «Букварь», у цырымоніі памятнага гашэння паштовага канверта з маркай «Дзень беларускага пісьменства».
Таксама для іх была арганізавана экскурсія па тэматычных пляцоўках. Лакацыя Міністэрства інфармацыі была адна з самых вялікіх. Тут госці бліжэй пазнаёміліся з праектам «Бацькаўшчына. У пошуках страчанага», якому ў 2024 годзе споўніцца 20 гадоў. Дарэчы, праект сумесны з лаўрэатам прэміі Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Уладзімірам Ліхадзедавым. Тут былі прадстаўлены ўнікальныя экспанаты, арт-аб’екты і кнігі, выдадзеныя за гэтыя гады.
Уладзімір Пярцоў у інтэрв’ю журналістам адзначыў, што Дзень беларускага пісьменства з кожным годам становіцца маштабней, людзей прыязджае ўсё больш і больш. Гэта культурнае свята становіцца запатрабаваным.
На галоўнай сцэне свята адбылася цырымонія ўрачыстага адкрыцця ХХХ Дня беларускага пісьменства. Прывітанне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі ў адрас удзельнікаў і гасцей агучыў Ігар Петрышэнка. З віншавальным словам да прысутных звярнуўся Аляксандр Субоцін. У час святочнага мерапрыемства прайшло ўручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі.
Газетнай плошчы не хопіць, каб расказаць пра ўсе тыя культурныя падарункі, якія былі прадстаўлены на Дні беларускага пісьменства. Цёплая, добразычлівая атмасфера форума надоўга застанецца ў памяці карэспандэнта «ГС». Як і сам абноўлены Гарадок. Вялікая работа была праведзена на 60 аб’ектах. Папрыгажэлі жылыя дамы і збудаванні сацыяльна-культурнага абслугоўвання, іх упрыгожылі муралы з цытатамі як класікаў беларускай літаратуры, так і вядомых пісьменнікаў-землякоў. Асаблівы атрымаўся мурал на тарцы жылога дома на цэнтральнай плошчы. На ім стылізаваныя пад даўніну выявы гербаў, якія ў розныя гады прымалі свята.
Змяніўся і цэнтральны гарадскі сквер, цяпер ён называецца «Вераніцынскі». Тут размясцілі скульптуру з нержавеючай сталі вышынёй больш за два с паловай метры «Дрэва беларускага пісьменства». Яна ўяўляе сабой дрэва, дзе замест ствала — 19 кніг з імёнамі выбітных аўтараў, якія праславілі Гарадоччыну. Шэсць каменных скульптур падарылі гораду студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
У 2024 годзе Дзень беларускай пісьменнасці сустрэне Брэсцкая вобласць, культурнай сталіцай стануць Івацэвічы.
Ала ЯКАЎЛЕВА.
Фота аўтара.