Майстар-класы для дзяцей прайшлі ў Сенненскім Доме рамёстваў
Майстар-класы для дзяцей прайшлі ў Сенненскім Доме рамёстваў у час зімовых канікул.
Класны кіраўнік 6″а» класа СШ №2 г.Сянно Алена Камандышка прывяла сваіх выхаванцаў павучыцца азам пляцення паясоў і вырабу керамікі.
Майстар-метадыст Дома рамёстваў Іна Стычынская паказала шасцікласнікам, як плятуцца беларускія паясы ў тэхніцы «пояс на дошчачцы».
Кіраўнік гуртка «Кераміка» Уладзімір Квашко вучыў школьнікаў ляпіць з гліны Вогненную Малпу, якая з’яўляецца сімвалам 2016 года. Кожны ўкладваў у свой выраб уласную фантазію, таму малпачкі атрымаліся ва ўсіх розныя. Потым гліняныя фігуркі адправілі ў печ для абпальвання (летась набыць яе, дарэчы, дапамаглі раённыя ўлады), каб юныя майстры змаглі забраць на памяць вырабы года, зробленыя сваімі рукамі.
Майстар-класы па ткацтве, кераміцы, вышыўцы, рабоце з саломкай, па іншых накірунках дэкаратыўнай творчасці (усяго іх восем) у Доме рамёстваў могуць атрымаць як гарадскія, так і сельскія школьнікі, таксама як і любы дарослы, які завітае ва ўстанову культуры.
У час Каляднага свята, што пройдзе ў раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці, жадаючыя змогуць атрымаць на платнай аснове майстар-клас па набіванні.
Гэты новы накірунак дзейнасці пачаў распрацоўвацца ў Доме рамёстваў пасля абласнога свята беларускага касцюма «Сцяжкі майстэрства», якое праходзіла ў Сенненскім раёне. Уладзімір Квашко вырабіў прыстасаванне для набівання на тканіну ўзору, зробленага маслянымі фарбамі. Хустка, аздобленая такім спосабам, ужо ўпрыгожыла адну з выставачных залаў установы, дзейнасці якой у новым годзе, аб’яўленым Годам культуры, адводзіцца асаблівае месца.
Таццяна Буракова.
На здымку: майстар-клас па кераміцы.
Фота аўтара.