Анжелика Гордецкая, жительница Сенно, считает, что начинать свою трудовую деятельность лучше в родном городе

“Не трэба грэбаваць псіхалагічнай дапамогай, яна садзейнічае ў вырашэнні ўнутранага канфлікту”, — лічыць Анжаліка Гардзецкая, педагог-псіхолаг дзіцячага яслі-сада №2 райцэнтра.

Дзяўчына працуе ва ўстанове дашкольнай адукацыі крыху больш за паўгода, але ўжо здолела заваяваць аўтарытэт сярод юных сенненцаў. А гэта, бадай, самы важны складнік у гэтай прафесіі. “Мы любім Анжаліку Аляксееўну за тое, што яна гуляе з намі ў розныя гульні”, — расказваюць яе выхаванцы. Наладзіць кантакт – абавязковая ўмова паспяховай работы педагога-псілога.

 Педагог-псіхолаг — не ўрач, ён не ставіць дыягназы. Яго задача заключаецца ў захаванні псіхічнага здароўя і развіцця дзіцяці, а таксама выяўленні ўмоў, якія перашкаджаюць станаўленню асобы.

 Быць карыснай — менавіта гэта і паслужыла падставай для абрання прафесіі педагога-псіхолага. Паўплываў і прыклад маці Анжалікі — Валянціны Гардзецкай, якая таксама звязала сваё жыццё з педагогікай. Яна — выкладчык фізічнай культуры і спорту ў другой гарадской школе. Зараз знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску па доглядзе за дзіцяці.

 Ладзіць з дзецьмі Анжаліка ўмее, бо вырасла ў шматдзетнай сям’і. Добра ведае, што значыць быць старэйшай і дапамагаць бацькам у выхаванні малодшых братоў і сясцёр. Яе гэта ніколі не абцяжарвала. Наадварот, заўсёды хацелася быць карыснай.

 Сваё вяртанне на малую радзіму ўспрымае з радасцю. Лічыць, што пачынаць сваю працоўную дзейнасць лепш у родным горадзе.

 Першыя крокі ў прафесію дзяўчына зрабіла некалькі гадоў назад, калі была яшчэ студэнткаў ВДУ імя П.Машэрава. Увесь чацвёрты курс сумяшчала вучобу і працу ў псіханеўралагічным дыспансеры ў Віцебску. Працаваць даводзілася з дарослымі і дзецьмі старэйшага ўзросту. Сярод іх было шмат пацыентаў з павышанай трывожнасцю, з залежнасцю ад розных згубных звычак. Яна дапамагала ім прыйсці ў норму, вярнуцца да здаровага жыцця. Атрыманы вопыт у спецыялізаванай установе дапамагае Анжалікцы сёння будаваць сваю працу ў дзіцячым яслях-садзе.

 Спачатку было складана перастроіцца з працы ў ахове здароўя і ўліцца ў педагагічнае рэчышча, не хавае дзяўчына. Дапамаглі спецыялісты сада на чале з яго загадчыцай Наталляй Пінчук. Шмат прафесійных рэкамендацый дала метадыст Марына Барытка. Такая шчырая падтрымка, паверце, дарагога каштуе, адзначае Анжаліка Гардзецкая.

 Вывучаць і прымяняць новыя методыкі, папаўняць банк кансультацый, ствараць сваімі рукамі дапаможны матэрыял, знаходзіць адказы на хвалюючыя пытанні малышоў, дапамагаць ім раскрыць свае магчымасці — вось частка таго, што яна робіць на працягу дня. Трэнінгі, дыягностыкі, гутаркі … — усё гэта мне падабаецца, гэта маё, не хавае дзяўчына.

 На дасягнутым яна не спынілася – сёння атрымлівае другую вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці “лагапед”. Паспявае сумяшчаць працу і рыхтавацца да экзаменаў. У сваім жыццёвым графіку знаходзіць час і на заняткі ў гуртку па фітнэсу, які вядзе ва ўстанове дашкольнай адукацыі. Займаецца з дзеткамі рознага ўзросту. Падабраць комплекс практыкаванняў для юных сенненцаў дапамагае маці Валянціна, якая як ніхто іншы добра разбіраецца ў фізічных нагрузках.

Ала ЯКАЎЛЕВА.

 Фота аўтара.