За кубкам кавы дзверы трымаем адкрытымі

Пасля трагедыі ў Кемераве прэзідэнт Беларусі даручыў кіраўнікам падраздзяленняў МНС праверыць, наколькі бяспечныя аб’екты з масавым знаходжаннем людзей. У сувязі з гэтым інспекцыя нагляду і прафілактыкі Сенненскага РАНС пазапланава праверыла аб’екты грамадскага харчавання райспажыўтаварыства. Абследаваны пяльменная “Лепім Самі”, рэстаран “Акропаль”, бар, “Кафейня”, кафэ-бар “Вернісаж”. Правяралася наяўнасць і спраўнасці тэхнічных сродкаў пажаратушэння, аўтаматычнай пажарнай сігналізацыі, стан эвакуацыйных шляхоў і выхадаў.

 У ходзе маніторынгу выяўлены парушэнні патрабаванняў правілаў пажарнай бяспекі на кожным аб’екце грамадскага харчавання. У прыватнасці, не ўсе памяшканні абсталяваны аўтаматычнай пажарнай сігналізацыяй, не хапае вогнетушыцеляў. У бары і “Кафейні”, прылады, што забяспечваюць самазакрыванне дзвярэй – даводчыкі, – знаходзяцца ў няспраўным стане. У рэстаране “Акропаль” дзверы ўвогуле не абсталяваны імі. У спісе парушэнняў і падключэнне электрычных прыбораў праз трайнікі і падаўжальнікі. 

 Узніклі пытанні і па афармленні дакументацыі. Так, у “Лепім Самі” няма плана эвакуацыі людзей, у рэстаране ён патрабуе перапрацаўкі. Адсутнічаюць інструкцыі аб мерах пажарнай бяспекі, не распрацаваны планы дзеянняў у выніку ўзнікнення пажараў. Ды і сам персанал, як высветлілася, не ведае правілаў паводзін у выпадку надзвычайных сітуацый, не ўмее прымяняць сродкі пажаратушэння. Супрацоўнікі Сенненскага РАНС правялі для іх інструктаж.

 Усе выяўленыя недахопы знаходзяцца на кантролі. Адказным асобам вынесены прадпісанні па іх ухіленні.

 Ала ЯКАЎЛЕВА.