Памятныя шыльды з’явіліся на дамах усіх ветэранаў Сенненшчыны
У раёне ў гэтыя перадсвяточныя дні праходзіць рэспубліканская акцыя «Тут жыве ветэран», ініцыяваная ГА «Беларускі фонд міру» з нагоды 75-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны і 55-годдзя ўтварэння грамадскага аб’яднання.
Сутнасць яе ў тым, што на дамах і кватэрах ветэранаў вайны ўсталёўваюцца памятныя шыльды з выявай ордэна Айчыннай вайны I ступені і тэкстам на беларускай мове «Тут жыве ветэран Вялiкай Айчыннай вайны. Дзякуй за ПЕРАМОГУ!»
На днях з прыемнай місіяй прадстаўнікі раённых арганізацый ГА «Беларускі фонд міру» і «Беларускі саюз жанчын», настаўнікі і піянеры Багушэўскай СШ №1 завіталі да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія пражываюць у вёсках Яноўшчына, Цыпкі, Лучазарнае і гарпасёлку Багушэўск, Міхаіла Пятровіча Лаўрэнава, Фёдара Цімафеевіча Міклушова, Івана Цімафеевіча Міхалькова, Дзмітрыя Яфімавіча Улаховіча, Івана Іларыёнавіча Ільюшэнкі, Аляксея Паўлавіча Гукалёнка, Марыі Нікіфараўны Казловай.
Віншаванні з надыходзячым святам, пажаданні моцнага здароўя і жыццёвага аптымізму ад імя старшыні раённага выканаўчага камітэта Васілія Чарадніка ветэранам перадала старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі фонд міру» Тамара Смірнова.
Да Дня Перамогі памятныя шыльды, як знак прызнання і павагі нашчадкаў, з’явяцца на дамах усіх ветэранаў Сенненшчыны.
Ларыса МУКАМОЛА
Здымкі аўтара