Валерий Барановский, ремесленник из аг.Ульяновичи, хорошо понимает, что партнёрство с государством ему на пользу
— Кожнае дрэва мае сваю структуру, свой характар, сваю пару спеласці і час, каб яго пусціць у справу. Гэта для мяне прапісныя ісціны, якіх я прытрымліваюся непарушна,- сцвярджае Валерый Бараноўскі, рамеснік з Ульянавіч.
Ён спецыялізуецца на цяслярстве — робіць лазні, альтанкі. Нядаўна пад заказ зрубіў пясочніцу для дзіцячай гульнявой пляцоўкі. Малыя ў ёй могуць ладзіць гульні нават у дождж. Усе дэталі канструкцыі акруглай формы, адшліфаваны, што засцерагае ад траўмаў. У адным з прыватных двароў у Сянне можна бачыць зруб арыгінальнай канструкцыі на калодзежы, над ім — зграбная павець.
Рамесніцкай дзейнасцю Валерый Міхайлавіч стаў займацца каля двух гадоў таму. Змяніць сферу заняткаў нядаўняга выкладчыка фізікі і матэматыкі мясцовай школы прымусіла суровая рэальнасць. Пасля таго, як малакамплектную школу закрылі, застаўся без працы. Тое, што прапаноўвалі, не зусім задавальняла. У выніку па падказцы Уладзіміра Касьянава, старшыні Багданаўскага сельвыканкама, вырашыў паспрабаваць сябе ў цяслярскай справе.
Тым больш, што рубіць лазні, нават дамы, Валерыю Бараноўскаму даводзілася і раней — для ўласных патрэб, дапамагаў родным, знаёмым. Заадно вучыўся рамяству, якое ўрэшце рэшт стала для яго асноўнай крыніцай даходаў, любімай справай. Без гэтага належнага выніку не атрымаеш, упэўнены ён.
— Лазню ў нас прынята будаваць з хвойных парод дрэў. Між тым для такой пабудовы падыходзіць асіна, чорная вольха. Ліпу лепш выкарыстоўваць для аддзелкі. Галоўнае — дрэва трэба ў пару нарыхтаваць, даць яму вылежацца. Асіна, напрыклад, павінна ляжаць да той пары, пакуль кара сама па сабе не стане адслойвацца. Тады драўніна не будзе трэскацца. Нездарма ж палякі называюць асіну “рускім дубам”. І маюць рацыю. Яе сухая драўніна становіцца вельмі цвёрдай — як дуб, — тлумачыць Валерый Бараноўскі. Можна скарыстацца і антысептыкам. Супрацьгрыбковых прэпаратаў зараз шмат — ад натуральных да хімічных.
— “Зрубць лазню”, “зруб калодзежа” — па сэнсу гэтыя выразы ўстарэлі, сталі архаізмамі, бо не адлюстроўваюць сутнасці вытворчага працэсу, — разважае Валерый Міхайлавіч. — Сякерай я амаль што не працую, карыстаюся бензапілой, калі працую ў двары, ці электрычным інструментам пры рабоце ў памяшканні. Гэтымі прыладамі працы выбіраю шпар, нават вугал заразаю. Атрымліваецца роўна, бярвенні падганяюцца шчыльна.
А ўсё таму, што разметку рамеснік робіць з дапамогай скрайбера. Гэта адносна новы інструмент, сканструяваны нямецкімі спецыялістамі. На постсавецкай прасторы, у Беларусі ў прыватнасці, у свабодным продажы раней яго было не знайсці. Ды і каштуе скрайбер не танна.
Дэманструючы свой набор інструментаў, майстар асаблівую ўвагу звяртае на ланцугі да піл. Яны ўсе адной вядомай фірмы, але розныя па прызначэнні: для фігурнага, папярэчнага, падоўжнага пілавання. Пад рукамі заўжды рубанкі, шліфмашынкі, розныя алоўкі. А яшчэ дрыль, каб свідраваць адтуліны пад шпунты, якімі мацуюцца бярвенн і на вуглах.
Дарэчы, пра іх таксама трэба колькі слоў сказаць.
На Віцебшчыне драўляныя пабудовы традыцыйна рубяць у “рускі вугал”. У заходняй частцы Беларусі можна сустрэць хаты, зробленыя ў “нямецкі вугал”.
— Яны адрозніваюцца не толькі па форме. “Рускі вугал” больш цёплы,- даводзіць Валерый Бараноўскі. -Ёсць “нарвежскі вугал”. Ён яшчэ лепш утрымлівае цяпло. Здаралася, што рубіў і ў яго.
Рамеснік працуе пераважна пад заказ. Неабходны матэрыял набывае звычайна ў бліжэйшым лясніцтве і імкнецца выкарыстаць яго максімальна рацыянальна, каб адходы былі мінімальныя. Кошт вырабу ў найбольшай ступені залежыць ад кошту сыравіны. Сюды, зразумела, уключаюцца транспартныя расходы, аплата працы і падаткі. Выдаткі на апошняе мінімальныя, бо рамесніцкая дзейнасць заахвочваецца дзяржавай, а таму для самазанятых устаноўлена фіксаваная сума выплат, роўная базавай велічыні. Праўда, заплаціць яе трэба наперад.
Вырабы Валерыя Бараноўскага можна сустрэць у Сянне і Віцебску, на прыватных падворках і дачных участках, у аграсядзібах і, нават, грамадскіх месцах ва Ульянавічах. Рамеснік добра разумее, што партнёрства з дзяржавай яму на карысць.
Аляксандр ЛАЗЮК.
Фота аўтара.