СТАТУС — «МАЛАДЫ СПЕЦЫЯЛІСТ»

IMG_0474=====Па добрай традыцыі, 29 кастрычніка, у Дзень нараджэння камсамола, на Сенненшчыне ўшаноўваюць маладых спецыялістаў, якія прыбылі ў наш раён на сваё першае працоўнае месца. 107 чалавек у той дзень чакала насычаная праграма.

І пачалася яна з сустрэчы моладзі з кіраўніцтвам раёна ў вялікай зале пасяджэнняў райвыканкама. Дзелавая гутарка прайшла ў фармаце адкрытага дыялогу «Моладзь Беларусі: традыцыі і будучыня».
Напачатку з сучасным станам развіцця галін народнай гаспадаркі рэгіёна прысутных пазнаёміла начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Інеса Гардзецкая.
З вітальным словам да моладзі звярнуўся старшыня райвыканкама Васілій Чараднік. Ён коратка расказаў пра Сенненскі раён, яго гісторыю, акрэсліў праблемы і задачы на перспектыву. Асобна кіраўнік раёна закрануў тэму замацавання маладых кадраў на Сенненшчыне. Па яго словах, магчымасцей для прафесійнай самарэалізацыі і кар’ернага росту на вёсцы, у малых населеных пунктах дастаткова. Галоўнае, адчуваць у сабе патэнцыял і ўпэўненасць ва ўласных сілах.
Падчас размовы маладыя спецыялісты маглі задаць пытанні, што іх хвалююць, непасрэдна кіраўніцтву раёна, начальнікам аддзелаў райвыканкама, кіраўнікам прадпрыемстваў і ўстаноў. Большасць пыталася пра ўмовы крэдытавання на будаўніцтва жылля і льготы, што прадугледжаны для маладых спецыялістаў. Цікавіліся таксама ходам падрыхтоўкі да абласных «Дажынак», што пройдуць у Сянне ў наступным годзе, і нават магчымасцю адкрыцця аграсядзібы. На ўсе пытанні дадзены разгорнутыя адказы.
Пасля афіцыйнай часткі маладыя спецыялісты, папярэдне падзяліўшыся на групы ў залежнасці ад сферы дзейнасці, наведалі шэраг устаноў і арганізацый горада і раёна. У падарожжы па сацыяльных аб’ектах райцэнтра маладых медыкаў суправаджала намеснік старшыні райвыканкама Зоя Фаміна. Пад прыемным уражаннем засталіся ўрачы і медсёстры ад візітаў у аддзяленне дзённага знаходжання інвалідаў, Сенненскі Дом рамёстваў, залу грэка-рымскай барацьбы, яслі-сад №1 г.Сянно.
Ушанаванне маладых кадраў працягнулася ў раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці. Працаўнікі сельскай і лясной гаспадаркі, педагогі, медыкі, вадзіцелі, работнікі культуры, гандлю па чарзе падымаліся на сцэну, дзе іх віншавалі прадстаўнікі мясцовай улады і розных сфер дзейнасці.
Віноўнікамі ўрачыстасці сталі не толькі маладыя спецыялісты. З нагоды дня нараджэння буйнейшай савецкай моладзевай арганізацыі, а таксама 95-годдзя з дня ўтварэння камуністычнага саюза моладзі Беларусі віталі ветэранаў камсамольскага руху на Сенненшчыне: Эльвіру Сляднёву, Алену Зайко, Алу Бельскую, Вольгу Мялешка, Тамару Цярэня, Алену і Віктара Дзергачовых, Веру і Юрыя Квінто.
Пераемнікам камсамола па праве з’яўляецца Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. На Сенненшчыне налічваецца 55 пярвічных арганізацый гэтага грамадскага аб’яднання, у якія ўваходзяць больш за тысячу чалавек. Сучасная моладзевая арганізацыя адрадзіла лепшыя камсамольскія традыцыі. Гэта валанцёрскі і ваенна-патрыятычны рух, прапаганда спорту і здаровага ладу жыцця, дзейнасць будаўнічых студэнцкіх атрадаў.
Падчас свята пераможцы раённых конкурсаў, што праходзілі сёлета пад эгідай райкама ГА «БРСМ», атрымалі заслужаныя ўзнагароды.
Некалькі гадоў запар на Сенненшчыне праводзіцца конкурс на «Лепшы сельскі моладзевы падворак». Яго ўдзельнікі — маладыя сем’і — паспяваюць не толькі працаваць і выхоўваць дзяцей, але і трымаць немалую падсобную гаспадарку, наводзіць прыгажосць на сваіх падворках. Сёлета самымі добраўпарадкаванымі прызнаны сядзібы Сяргея і Вікторыі Гарбачовых з Багданаўскага сельсавета, Яўгена і Таццяны Жагулаў (Нямойтаўскі сельсавет).
Некалькі тыдняў назад па ініцыятыве старшыні райвыканкама Васілія Чарадніка райкам ГА «БРСМ» аб’явіў конкурс па зборы другаснай сыравіны «Чыстая Сенненшчына». Мэта акцыі — звярнуць увагу маладога пакалення на ашчадныя адносіны да прыродных багаццяў раёна, рацыянальнае выкарыстанне другаснай сыравіны. У намінацыі «Самая актыўная працоўная моладзь сярод арганізацый раёна» адзначаны РУП ЖКГ (44 кг ПЭТ-бутэлек), і райспажыўтаварыства (1395 кг макулатуры). Перамога сярод вучнёўскіх атрадаў дасталася адзінаццацікласнікам Машканскай дзіцячага сада-сярэдняй школы, якія сабралі 263,5 кг макулатуры. У намінацыі «Самы актыўны добраахвотны атрад пярвічкі БРСМ», які сабраў найбольшую колькасць другаснай сыравіны, лепшай стала моладзевая суполка ААТ «Бяленева» (374 кг макулатуры). У асабістым заліку перамогу святкавала дзевяцікласніца Багушэўскай другой школы Вольга Кордава. На рахунку дзяўчынкі 220 кг макулатуры.
Узнагароды пераможцам згаданых конкурсаў уручыў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Сяргей Мяцеліца.
З рук першага сакратара райкама ГА «БРСМ» Марыны Наваковіч падарункі атрымалі і прызёры раённага спаборніцтва «Працоўны семестр-2015». У намінацыі «Лепшы наймальнік студэнцкіх (вучнёўскіх) атрадаў» першае месца замацавалася за райспажыўтаварыствам, другое — за саўгасам імя П.М.Машэрава. Сярод устаноў адукацыі, дзе былі створаны вучнёўскія атрады, у лідарах тры школы раёна: Беліцкая, Студзёнкаўская і СШ №1 г.Сянно.
Цудоўную атмасферу свята стварылі вядучыя мерапрыемства Юлія Крыўчанка і Юлія Шэхава, а таксама калектывы і выканаўцы мастацкай самадзейнасці: вакальная група «Мерыдыян» раённага Цэнтра дзяцей і моладзі, Таццяна Ладунец, Аляксандр Васілёнак, Вольга Красноўская, Эльвіра Конышава, актывісты БРСМ.
А ўвечары моладзь чакала культурна-забаўляльная праграма ў рэстаране «Акропаль», падчас якой хлопцы і дзяўчаты маглі бліжэй пазнаёміцца паміж сабой.
У прыватнай размове маладыя спецыялісты прызналіся, што настроены на самаадданую працу і рады, што Сенненшчына прыняла іх гасцінна.
Ірына ХАСАНАВА.
Фота аўтара.

Лічбы і факты
Большасць спецыялістаў (42 чалавекі) занята ў галіне сельскай гаспадаркі, у тым ліку ў саўгасе імя Машэрава і ААТ «Сенненскі райаграсэрвіс» — па 9, у ААТ «Літусава» і «Бяленева» — па 5, у ААТ «Белая Ліпа» і УП «Дружбінец» — па 4, КУСГП імя Гараўца — 3, ААТ «Пурплева» — 2, ААТ «Студзёнка» —1.
На другім месцы па колькасці маладых кадраў (18 чалавек) — сфера аховы здароўя. 14 медыкаў працуюць у Сенненскай ЦРБ, 4 — у раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі. Ва ўстановы адукацыі раёна накіравана 16 педагогаў. Восем чалавек працаўладкаваны ў райспажыўтаварыстве, 6 — у РУП ЖКГ, 4 — на прадпрыемстве меліярацыйных сістэм.
Трыма кадрамі папоўніліся Багушэўскі спіртзавод і райвыканкам. Па аднаму спецыялісту прыйшло ў Багушэўскі лясгас, інспекцыю Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Сенненскім раёне, райаддзел па надзвычайных сітуацыях, КУПБА «Прэстыж».
Са 107 маладых спецыялістаў 42 — выпускнікі вышэйшых навучальных устаноў, 52 і 13 чалавек маюць сярэднюю спецыяльную і адпаведна прафесійна-тэхнічную адукацыю.