На Богушевском спиртзаводе ОАО “Витебский ликеро-водочный завод “Придвинье” запустили линию по производству дезинфицирующего средства для обработки рук

Збіраліся выпускаць амывальнік шкла, а давялося ўзяцца за вытворчасць АЛМАDEZ, дэзінфіцыруючага сродку для апрацоўкі рук.

 На Багушэўскім спіртзаводзе ААТ “Віцебскі лікёра-водачны завод “Прыдзвінне” лінію па разліву тэхнічнай вадкасці зманціравалі яшчэ ў пачатку года. Меркавалася, што на ёй неўзабаве будзе наладжана вытворчасць шклоамывальніка і дэнатурыраванага спірту. Аднак, пакуль рыхтавалася неабходная дакументацыя, каб атрымаць сертыфікат, сітуацыя змянілася. І калектыў вытворчага аб’яднання на яе адрэагаваў.

 — Тэхнолагамі галаўнога прадпрыемства была распрацавана рэцэптура дэзінфіцыруючага сродку, у паскораным рэжыме праведзена яго сертыфікацыя. Інжынерная служба ўнесла некаторыя змены ў лінію разліву. На днях яна пачала работу ў тэставым рэжыме, — расказаў “ГС” дырэктар Багушэўскага спіртзавода Віктар Грачыха.

 Спецыялісты з Віцебска правялі пробны разліў, навучанне рабочых, якія будуць працаваць у новым цэху. Пад вытворчасць адведзена асобнае памяшканне, як таго патрабуе тэхналогія. За першую змену ў 6-ці літровыя ёмістасці было разліта амаль 5 тон дэзсродка. Ужо назаўтра партыя была адгружана РУП “Белфармацыя”.

 

Вытворчыя магчымасці цэха дэзінфіцыруючых сродкаў плануецца нарошчваць. І для гэтага маецца патэнцыял: праз арганізацыю работы ў дзве-тры змены, павелічэнне колькасці апаратаў для разліву, запэўніў кіраўнік.

Аляксандр ЛАЗЮК.

Фота аўтара.