Делегаты делятся мнениями о Послании Президента
Ларыса МУКАМОЛАВА, галоўны рэдактар газеты «ГС»:
— У Пасланні Прэзідэнта кожны знайшоў адказы на пытанні, якія яго хвалявалі. Была звернута ўвага на канцэпцыю нацыянальнай бяспекі, на захаванне гістарычнай памяці і данясенне праўды да маладога пакалення.
Як сказаў Кіраўнік дзяржавы, мір на зямлі немагчымы без гістарычнай памяці, а стварэнне – гэта пераемнасць гістарычнага шляху, гэта крок у будучыню. Прэзідэнт вельмі дакладна падмеціў, як скажаецца гісторыя ў нашых бліжэйшых суседзяў, калі нацыстаў шануюць як герояў, ладзяць шэсці ў іх гонар, зносяць помнікі савецкім воінам-вызваліцелям. Гэта тая самая недапушчальнасць гераізацыі жахаў, пра што мы сталі гаварыць усё часцей. Гераізаваць тых, хто спальваў Хатынь і сотні вёсак на тэрыторыі Беларусі, мы ніколі не пагодзімся, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Наша Сенненшчына, як і ўся Беларусь, паліта крывёю савецкіх салдат і афіцэраў падчас Вялікай Айчыннай вайны. Вялікая трагедыя адбылася ў апошнія дні 1941 года на ўсходняй ускраіне г. Сянно, недалёка ад в. Казлоўка, калі было расстраляна 965 чалавек яўрэйскага насельніцтва. Зараз на гэтым месцы ўстаноўлены памятны знак «Боль». У гады Вялікай Айчыннай вайны ў раёне было знішчана 124 вёскі. За перыяд акупацыі фашысты спалілі 3 477 дамоў, вывезлі ў Германію 922 чалавекі. На франтах Вялікай Айчыннай загінулі 5 874 ураджэнцы Сенненшчыны, 1 066 чалавек — у партызанскіх атрадах і падполлі.
Па словах Прэзідэнта, погляды і версіі, якія сёння навязваюць нам, не павінны закрываць памяць пра мінулае. Мы павінны расказваць усяму свету пра факты генацыду беларускага народа, тым самым выхоўваючы ў моладзі пачуццё патрыятызму. І ў гэтым плане вялікая роля адводзіцца нам, журналістам.
Супраць нашай краіны развязана інфармацыйная вайна. Не кожны прафесіянал сёння можа адрозніць праўду ад фэйкаў, якія апанавалі інфармацыйнае поле, адзначыў Прэзідэнт. У краіне ў бліжэйшы час узмоцняць прапаганду і агітацыю, каб не прайграць інфармацыйную вайну, якую вядуць супраць Мінска недружалюбныя сілы. Мы не можам прайграць гэту вайну, прайграем гэту інфармацыйную вайну — значыць, акунемся ў вайну сапраўдную, сказаў Прэзідэнт. Акцэнтаваў увагу Аляксандр Рыгоравіч і на падрыхтоўцы журналісцкіх кадраў. Новае папаўненне трэба расціць і вучыць на прыкладзе аксакалаў беларускай журналістыкі. Сёння патрэбны сапраўдныя байцы, якія прафесійна скажуць сваё слова на інфармацыйным полі.
Мы жывем у вельмі няпросты перыяд, і кожны беларус павінен разумець, што толькі разам мы зможам супрацьстаяць любым пагрозам. Словы «адзінства», «мы разам» былі і застаюцца для нас, жыхароў міралюбівай краіны, сінонімамі патрыятызму. Гэта аснова для нашай агульнай будучыні.