Старшыня Сенненскага райвыканкама В.Чараднік: Зробленае застанецца сенненцам
Амаль год рыхтаваліся сенненцы да галоўнага свята хлебаробаў вобласці. Непазнавальна змяніўся воблік райцэнтра, які быў абраны ў якасці сталіцы «Дажынак — 2016». Пра Сянно абноўленае, пахарашэўшае, здабыткі нашых земляробаў і перспектывах развіцця раёна напярэдадні абласнога аграфэсту раённай газеце расказаў старшыня райвыканкама Васілій Чараднік.
— Васілій Анатольевіч, сіл, сродкаў у абнаўленне Сянна ўкладзена шмат. Ёсць задавальненне ад зробленага?
— Па натуры я максімаліст. Таму, нягледзячы на 140 млрд рублёў, што патрачана толькі з абласнога і раённага бюджэтаў на будаўніцтва, рэканструкцыю аб’ектаў сацыяльна-культурнага прызначэння, хацелася б зрабіць больш. Тым не менш, Сянно атрымала новы Палац урачыстых абрадаў, кардынальна рэканструяваны фізкультурна-спартыўны комплекс, стадыён. Новымі фарбамі зайграў цэнтр горада. Сянно стала не толькі прывабным знешне, у ім стала больш зручна жыць. Як-ніяк толькі капітальна адрамантаваны 31 дом, з’явіліся новыя тратуары, асфальтаваны вуліцы. Нарэшце, у горадзе стала больш кветак, утульных куточкаў для адпачынку, дзе стаяць лаўкі, альтанкі. І добраўпарадкаванне горада будзе працягвацца. Значныя фінансавыя ўкладанні зрабілі ў абнаўленне сваіх аб’ектаў аблспажыўсаюз, Віцебскі філіял РУП «Белпошта», абласное ўпраўленне МНС, аблдарбуд.
Не засталіся ў баку ад падрыхтоўкі да «Дажынак» сенненцы. Кожны месяц у раёне праводзіліся суботнікі, нашы арганізацыі дапамагалі пенсіянерам, сваім былым работнікам: каму агароджу паправіць, каму франтон падфарбаваць. І такая дружная праца таксама радуе, бо людзі разумеюць, што зробленае застанецца ім, што шматлікіх гасцей з усёй вобласці, сталіцы, замежжа трэба сустракаць дастойна.
— Сёлетні год быў не такім ураджайным як леташні. Тым не менш на галоўным абласным свяце раён зноў будзе прадстаўлены дастойна. Якія сельгасарганізацыі ўносяць найбольш важкі ўклад у эканоміку раёна?
— Дастойны вынік на жніве атрыманы ў СУП «Саўгас імя Машэрава» і УП «Дружбінец». Яны валаўтваральныя для раёна і па жывёлаводчай прадукцыі, эканамічна ўстойлівыя. У саўгасе імя Машэрава, дзякуючы прадуманым дзеянням кіраўніка Сяргея Ліцягі выстаялі нават пасля поўнай ліквідацыі пагалоўя свіней на комплексе. Кіраўніцтва і спецыялісты прадпрыемства хутка пераарыентаваліся на вырошчванне ў большым аб’ёме прадукцыі БРЖ, чым мінімізавалі эканамічныя страты, захавалі калектыў. Летась комплекс зноў стаў запаўняцца пагалоўем свіней. Вытворчасць была наладжана, калі там яшчэ працавалі будаўнікі. Штогод з высокім узроўнем рэнтабельнасці нарошчваецца вытворчасць малака.
Значная роля ў вытворчасці валавай прадукцыі раёна належыць УП «Дружбінец», заснавальнікам якога з’яўляецца Наваполацкае РУП па транспарце нафты «Дружба». Сельгасарганізацыя будзе развівацца і далей дзякуючы падтрымцы галаўнога прадпрыемства. З яе дапамогай на высокім узроўні вядзецца вытворчасць земляробчай прадукцыі, рэканструіруюцца, будуюцца новыя аб’екты жывёлагадоўлі.
А найлепшыя вынікі ў земляробстве дэманструе Віцебская доследная меліярацыйная станцыя, якая з’яўляецца філіялам РУП «Інстытут меліярацыі» НАН Беларусі. Пасяўныя плошчы тут невялікія, але ўраджайнасць кожны год самая высокая ў раёне, сёлета — звыш 40 цэнтнераў з гектара. Механізатары станцыі вызначаюцца высокай культурай земляробства, што дапамагае штогод прадстаўляць раён на абласных дажынках. Сёлета ўпершыню за час існавання на «Дажынках» будзе адзначана праца хлебаробаў ААТ «Студзёнка».
— Хлеб — усяму галава, з гэтым не паспрачаешся. Аднак эканоміка ў пераважнай большасці сенненскіх сельгасарганізацый трымаецца на вытворчасці малака. Што ў раёне робіцца, каб нарошчваць аб’ёмы жывёлаводчай прадукцыі?
— У раёне распрацавана і рэалізуецца праграма, накіраваная на стварэнне якаснай кармавой базы, у аснову якой пакладзена вырошчванне бабовых траў і зернебабовых культур. Будуюцца новыя жывёлаводчыя памяшканні ў ААТ «Студзёнка» і «Белая Ліпа», УП «Дружбінец» і саўгасе імя Машэрава, вядзецца рамонт ферм. У перспектыве мы павінны атрымліваць канкурэнтаздольную прадукцыю.
— У якім напрамку яшчэ можа развівацца раён? Чым ён можа зацікавіць гасцей?
— На Сенненшчыне ўнікальная прырода: лясы, азёры. Адных толькі рэчак і ручаін больш за 27. Чаму ў нас не займацца аграэкатурызмам? Чаму не нарошчваць аб’ёмы і глыбіню перапрацоўкі прадукцыі лесу? У раёна багацейшая гісторыка-культурная спадчына. На Сенненшчыне пачынаў свой творчы шлях Янка Купала, у мясцовым касцёле святаром служыў Аляксандр Астрамовіч, які вядомы як паэт Андрэй Зязюля. Ён быў знаёмы з Купалай і Коласам. У першыя гады савецкай улады старшынёй Сенненскага выканаўчага камітэта працаваў Дзмітрый Прышчэпаў. Пазней ён стаў першым наркамам земляробства БССР. Пералік асоб, падзей, што могуць зацікавіць гасцей, вялікі. Сённяшняе пакаленне сенненцаў — гэта адкрытыя, шчырыя людзі, якія з радасцю сустракаюць сяброў.
— Перспектыва любому рэгіёну забяспечана, калі ў ім застаецца моладзь.
— У стратэгічным плане арыенцір робіцца на мясцовых юнакоў і дзяўчат. Такім чынам вырашана праблема ў сістэме адукацыі, медыцыне, іншых сферах. Складаней з замацаваннем спецыялістаў у АПК. Але і тут сітуацыя не тупіковая. Райвыканкам арыентуе сельгасарганізацыі на мэтавую падрыхтоўку не толькі будучых тэхнолагаў, але і спецыялістаў масавых прафесій. У час вучобы ім аказваецца дапамога ў выглядзе дадатковай стыпендыі, у першыя гады працы па спецыяльнасці замацоўваюцца настаўнікі, каб спецыяліст вырас у сапраўднага прафесіянала, робяцца стымулюючыя выплаты. Важна без стрэсаў прайсці перыяд адаптацыі на вытворчасці.
— Васілій Анатольевіч, наша размова адбываецца напярэдадні «Дажынак», хутка будзем сустракаць гасцей, вітаць нашых лепшых хлебаробаў. Што б вы пажадалі ім?
— Па-першае, хацелася б шчыра падзякаваць абласное кіраўніцтва за выбар Сянна ў якасці месца правядзення «Дажынак—2016». Абласныя «Дажынкі» — важная падзея, у першую чаргу для сенненцаў, бо падрыхтоўка да іх дазволіла карэнным чынам змяніць воблік горада, палепшыць якасць жыцця. Што пажадаць? Перш за ўсё, здароўя для здзяйснення новых дасягненняў на карысць сваёй сям’і, радзімы, добрага надвор’я не толькі падчас уборкі ўраджая і правядзення «Дажынак», але і ў доме, сям’і. Гасцям мерапрыемства — выдатнага настрою, каб успаміны аб сенненскай зямлі былі толькі светлымі і пазітыўнымі. Са святам усіх!