Школьнікі Сенненшчыны прынялі ўдзел у двух зімовых шматбор’ях фізкультурна-аздараўленчых комплексаў «Абаронца Айчыны» і «Здароўе»
Студзень для навучэнцаў устаноў адукацыі раёна выдаўся багатым на спартыўныя падзеі. Школьнікі Сенненшчыны прынялі ўдзел у двух зімовых шматбор’ях фізкультурна-аздараўленчых комплексаў «Абаронца Айчыны» і «Здароўе».
У шматбор’і «Здароўе» вучні 9-11 класаў спаборнічалі ў скачках у даўжыню з месца, падцягванні на перакладзіне (хлопчыкі), згібанні рук ва ўпоры лежачы (дзяўчынкі), а таксама стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі. Юных спартсменаў чакаў яшчэ адзін этап спаборніцтваў — лыжная гонка, якая праходзіла ў Парку 40-годдзя Перамогі.
Пры падсумаванні балаў на першае месца выйшла зборная Машчонскай ДССШ. Крыху адстала ад лідара каманда СШ №2 г.Сянно. На трэцім месцы размясцілася першая гарадская школа.
У шматбор’і «Абаронца Айчыны» сярод дапрызыўнай і прызыўной моладзі спаборнічалі юнакі ва ўзросце ад 15 да 18 гадоў. Хлопцам належыла прадэманстраваць свае здольнасці ў стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, падцягванні на перакладзіне і лыжнай гонцы на 3 км.
І зноў перамогу святкавалі машчонскія школьнікі. На другім месцы апынуліся юнакі з СШ №2 г.Сянно. «Бронзавымі» прызёрамі шматбор’я сталі вучні Беліцкай ДССШ.
Ірына ХАСАНАВА