Кніга «Памяць. Лёзненскі раён», некалькі старых фотаздымкаў маці і ўспаміны бабулі — скупыя ўрыўкі з біяграфіі сям’і Ларысы Акбалян. Іх жанчына захоўвае як самае дарагое.
У яе дзіцячай памяці не адбіліся ваенныя падзеі. Пра тое, што давялося перажыць, праз што прайсці, ужо дарослай даведалася ад бабулі Марфы.
Вайна заспела Ларысу Іванаўну і яе маці на Лёзненшчыне ў вёсцы Засігава. Калі восенню 1943 года пачаліся ваенныя дзеянні па вызваленні раёна, стала асабліва неспакойна. Адступаючы, ворагі ішлі праз вёску. Часта бамбіла населены пункт нямецкая авіяцыя. У такія хвіліны людзі вымушаны былі хавацца ў лесе. Аднойчы, у час чарговых налётаў, асколкамі ад узарваўшайся побач бомбы была смяротна паранена маці маёй субяседніцы Марыя Ляшчова. Маленькую Ларысу, якую жанчына трымала на руках, выбухной хваляй адкінула ва ўтварыўшуюся варонку глыбінёй у некалькі метраў. Дзяўчынку выпадкова знайшла яе бабуля.
Змучанае ад крыкаў скрываўленае цельца ўнучкі напужаная жанчына адразу занесла ў палявы шпіталь. Ларыса атрымала сур’ёзныя раненні: на маленькай ручцы адарвала ўказальны палец, дзяўчынка страціла зрок на адно вока, істотна пацярпелі ногі. Тры гады яна не хадзіла. Бабуля рабіла ўсё магчымае, каб дапамагчы ўнучцы. «Памятаю, як яна расцірала мне ногі, прыкладвала розныя прымочкі, вазіла да медыкаў, — расказвае Ларыса Іванаўна. — Яе ніколі не пакідала надзея вярнуць мяне да паўнацэннага жыцця».
Пасляваеннае жыццё лёгкім не было. Праблем хапала і ў сям’і Ларысы. На плячах бабулі ляжаў клопат аб яшчэ дзвюх непаўналетніх дачках. Але як бы складана ні было, яна ніколі не скардзілася на лёс. І нават, калі прыйшлі прадстаўнікі ўлады, каб забраць Ларысу (як сірату) у прытулак, бабуля наадрэз ім адмовіла.
Тры класы дзяўчынка скончыла ў мясцовай школе. Потым яе забралі да сябе родзічы, якія ў пошуках лепшага жыцця перабраліся на Смаленшчыну (в.Шэравічы Руднянскага раёна).
Ваеннае ліхалецце пакінула адбітак у душы жанчыны, але не зламіла яе. Яна адвучылася ў сельскагаспадарчым Вялікалукскім інстытуце на факультэце «Ахова раслін», дзе пазнаёмілася са сваім будучым мужам. Грач Акбалян, армянін па нацыянальнасці, таксама вучыўся па гэтай спецыяльнасці. Пасля інстытута яны працавалі ў Казахстане, потым перабраліся ў Беларусь, у Сянно. Да выхаду на заслуговы адпачынак працавалі ў раённай станцыі па ахове раслін. Грач Акбалян узначальваў арганізацыю, Ларыса Іванаўна была вядучым спецыялістам. Яны выхавалі дваіх цудоўных дзяцей, якія сёння ўжо дарослыя і маюць свае сем’і.
Не знойдзеш такіх слоў, каб суцешыць людзей, якія сталі сведкамі вайны. Няма ў свеце такіх лекаў, каб загаіць іх раны. Як сказала Ларыса Іванаўна, гэтыя раны не толькі на целе, яны ў сэрцы.
Жанчына вельмі шкадуе дзяцей, якім патрэбна дапамога ў лячэнні. Неаднаразова дасылала грошы на рахунак хворых. «Я разумею, як ім неабходна падтрымка, — гаворыць яна. — Сама ў дзяцінстве шмат хварэла, дзякуй, людзі выратоўвалі. Таму хачу спадзявацца, што і мая, няхай і невялікая, сума грошай у капілцы дапамогі адыграе сваю ролю».
Ала ЯКАЎЛЕВА.
К республиканской акции «Дай лесу новае жыццё» присоединились сотрудники прокуратуры, суда Сенненского района и районного…
Начальник отдела правовой, аналитической и методической работы аппарата ЦИК Елена Григорович на семинаре "Информационное сопровождение…
Дан старт IV республиканскому правовому турниру для старшеклассников «Сила Закона» Начат прием заявок на участие…
С целью развития туристического потенциала Республики Беларусь и привлечения внимания к богатым охотничьим традициям страны,…
В отделении комплексной поддержки в кризисной ситуации и дневного пребывания для граждан пожилого возраста г.п.…
«Пьяному и бесправному не место на дороге!» Под таким названием в период с 7 по…