На гэтых днях у поле да камбайнераў УП «Насенняводчы саўгас імя Данукалава», якія вялі ўборку пшаніцы ля вёскі Атраднае, у абедзенны перапынак завіталі госці. Ды не проста так, а з невялікім канцэртам.
Яго падрыхтавалі работнікі мясцовых устаноў культуры: дырэктар Палымянскага сельскага клуба Валянціна Бельская, бібліятэкары цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы Валянціна Хірэвіч, Тамара Саўлевіч і Валянціна Сінічэнка.
Пакуль механізатары абедалі, самадзейныя артысты выканалі некалькі папулярных песень, якія, безумоўна, паднялі настрой удзельнікам жніва.
Знайшоўся час для размовы з механізатарамі ў спецыялістаў сельгасарганізацыі. Дырэктар саўгаса Пётр Маслоўскі падзякаваў іх за самаадданую працу на палетках, за вырашчаны хлеб, які трэба своечасова ўбраць. Дарэчы, тэхніка і людзі гаспадаркі пасля завяршэння ўборкі сваіх азімых зерневых прыйшлі на дапамогу ААТ «Сенненскі райаграсэрвіс».
Была прычына, і не толькі ў сувязі з уборачнымі работамі, сустрэцца з механізатарамі саўгаса ў старшыні выканкама Беліцкага сельскага Савета дэпутатаў Сяргея Галынчыка. Выкарыстаўшы момант, у прысутнасці сяброў, калег па працы ён уручыў юбілейныя медалі «В память 25-летия окончания боевых действий в Афганистане» Міхаілу Абушкевічу, Дзмітрыю Зайцаву, Аляксандру Пісарэнку, якія ў час праходжання тэрміновай вайсковай службы ваявалі ў далёкай краіне.
НА ЗДЫМКУ: удзельнікі жніва і культработнікі пасля канцэрта.