Уборачная плошча хлебнай нівы ва ўнітарным прадпрыемстве «Дружбінец» адна з самых вялікіх у раёне і складае 3010 гектараў.
На сённяшні дзень разам з ААТ «Бяленева» і «Сенненскі райаграсэрвіс» гаспадарка ўваходзіць у тройку раённых лідараў па валавым зборы збожжа. На яе рахунку больш за чатыры тысячы тон зерня.
«Жніво вядзём 8 камбайнамі КЗС-1218, — расказвае галоўны аграном Леанід Кавалеўскі. — На адвозцы заняты 7 МАЗаў. Такой колькасці тэхнікі хапае для бесперапыннай уборкі ўраджаю. Нягледзячы на значную нагрузку на ўборачны агрэгат, якая з улікам азімага і яравога рапсу складае 461 гектар, ужо абмалочана больш за 1500 гектараў збажыны. Пры выпрацоўцы на камбайн у 18-20 гектараў і пры спрыяльных умовах надвор’я плануем завяршыць жніво за бліжэйшыя дзесяць дзён.»
Садзейнічае прадукцыйнай працы добрая арганізацыя работ.
Створана два звяна па ўборцы ўраджаю. Вялікая ўвага надаецца якасці вядзення ўборачных работ: на полі побач з камбайнерамі заўсёды прысутнічаюць Генадзь Конышаў і Аляксандр Аўласенка. Яны пільна сочаць за выкананнем тэхналагічнага працэсу. Камбайны знаходзяцца ў полі кругласутачна. У выніку не трэба траціць час, паліва на перагоны.
Усе механізатары, іншыя работнікі, занятыя на ўборцы, азнаёмлены з умовамі аплаты працы, з імі праведзены інструктажы па тэхніцы бяспекі, ахове працы, пажарнай бяспецы. Прама ў поле працаўнікам дастаўляюцца смачныя абеды і вячэры.
«Зерневыя культуры выраслі нядрэнныя, значна лепшыя, чым у мінулым годзе, — працягвае размову пра сёлетняе жніво галоўны аграном. — Нам толькі застаецца яго ўбраць. У гаспадарцы кожны дзень падводзяцца вынікі работы экіпажаў збожжаўборачных камбайнаў, вадзіцеляў. Інфармацыя размяшчаецца на спецыяльных лістах, якія штодня дастаўляюцца ў поле. Акрамя гэтага, адміністрацыя і прафкам прадпрыемства распрацавалі і давялі да работнікаў умовы матэрыяльнага заахвочвання. Калі ўзнікаюць пытанні, яны адразу вырашаюцца на месцах.»
Для сапраўднага хлебароба кожная хвіліна ў гэтыя дні ў прамым і пераносным сэнсе каштуе вельмі дорага. Вось і стараюцца людзі выкарыстоўваць час на карысць справе. У выніку, з пачатку ўборкі камбайнер Андрэй Клімовіч намалаціў 485 тон зерня, Сяргей Цярэня — 460, Віктар Мялешка — 430, Аляксандр Пашкевіч — 420. Але несумненным лідарам уборачнай кампаніі з’яўляецца экіпаж у складзе камбайнера Аляксандра Трыбуля і слесара Аляксандра Клімовіча. На іх рахунку 860 тон зерня. На адвозцы вызначаюцца Аляксандр Сінякоў і Аляксандр Магутны.
Адначасова закладваецца падмурак новага ўраджаю. Прасуецца салома. Рыхтуецца насенне, глеба пад сяўбу азімага рапсу. Унесены гліфасаты на плошчы 600 гектараў. Адным словам, вядзецца ўвесь комплекс работ.
P.S. У той жа дзень мы наведаліся і ў ААТ “Белая ліпа”. Здзівіла, што мясцовыя хлебаробы не ведалі ні колькі намалацілі, ні колькі зарабілі. Пра які стымул да працы тут можа ісці размова?
Ларыса МУКАМОЛАВА.
На ЗДЫМКУ: Л. Кавалеўскі знаёміць з вынікамі чарговага «жніўнага» дня
камбайнера А. Трыбуля і слесара А. Клімовіча