Тысячны намалот на камбайн ёсць!

IMG_9812 Жніво на Сенненшчыне адзначылася чарговай вяхой. Экіпаж зернеўборачнага камбайна КЗС-1218 ААТ «Сенненскі райаграсэрвіс» у складзе старшага камбайнера Сяргея Сухвала і камбайнера Дзяніса Астаповіча першымі ў раёне намалацілі 1000 тон збожжа.

З гэтай падзеяй іх павіншаваў старшыня раённага выканаўчага камітэта Васіль Чараднік, які ўручыў лідарам раённага спаборніцтва на жніве Падзячнае пісьмо райвыканкама. Пры гэтым кіраўнік раёна заўважыў : «Я не буду шмат гаварыць, бо за спіной першых тысячнікаў стаяць іншыя камбайнеры, што мараць пакарыць узяты Сяргеем і Дзянісам рубеж. Мяне асабліва радуе, што першы намалот у тысячу тон зерня скарыўся маладым. А значыць у раёна, нашай Беларусі ёсць перспектыва развівацца далей, пакараць новыя вяршыні ў вытворчасці і эканоміцы». Падзячныя пісьмы былі ўручаны і бацькам маладых механізатараў Уладзі­міру і Наталлі Сухвал, Святлане Астаповіч.

Адзначана падзячным пісьмом райвыканкама праца Валерыя Окуня, лепшага вадзіцеля на сёлетнім жніве. У кузаве свайго МАЗа і прычэпе ён перавёз больш за 2,5 тыс. тон збожжа.

Поспехі лідараў раённага жніва не засталіся па-за ўвагай раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК. Да грамат Анатоль Кучынскі далучыў грашовыя прэміі, якія павін­ны паслужыць стымулам для новых працоўных поспехаў. Павіншаваў з дасягненнямі Сяргея Сухвала і Дзяніса Астаповіча Сяргей Мяцеліца. Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама разам з РК прафсаюза сельскай гаспадаркі арганізаваў яшчэ і раённае спаборніцтва сярод моладзі. А таму кіраўнік аддзела ідэалагі­чнай работы райвыканкама з задавальненнем павіншаваў моладзевы экіпаж з лідарствам у агульным раённым заліку і паведаміў, што Сяргей і Дзяніс з’яўляюцца рэальнымі прэтэндэнтамі на другое-трэцяе месцы ў абласным спаборніцтве маладых камбайнераў.

Цырымонія ўшанавання герояў жніва была кароткай. Але ў ёй знайшлося месца для добрых песень. Дарэчы, іх выконвалі маладыя спецыялісты раённага Дома культуры Вікторыя Валуева і Алена Сочнева. Колішнія іх захапленні мастацкай самадзейнасцю, вучоба ў музычнай школе сталі асновай пры выбары спецыяльнасці.

Так што  для маладых сіл на Сенненшчыне знойдзецца прымяненне ў любым накірунку дзейнасці.

Аляксандр ІЎЕЎ.