«Усё жыццё мая маці працавала ў мясцовай друкарні. Яшчэ з дзяцінства памятаю, як брала яна мяне з сабой і давала ў рукі газету. Застаўся ў памяці і той прыемны пах свежай паперы», — кажа Таццяна Зязюліна, паштальён паштовага вузла сувязі г. Сянно.
Напэўна, вы падумаеце, што далей будзе аповед пра сямейную дынастыю. Але не, паштальёнам Таццяна Аляксандраўна стала выпадкова. Да гэтага працавала бухгалтарам, затым спрабавала сябе ў сельскай гаспадарцы, потым у банку.
Неяк ёй прапанавалі даць працоўны адпачынак аднаму з паштальёнаў. Так яна і засталася ў аддзяленні паштовай сувязі. Вось ужо на працягу 17-ці гадоў у любое надвор’е па адным і тым жа маршруце Таццяна Зязюліна дастаўляе свежыя газеты ды часопісы.
У паштальёна на ўчастку крыху менш за дзвесце адрасатаў. Але ўсіх сваіх кліентаў жанчына ведае літаральна пайменна. А яшчэ мая суразмоўца чалавек дужа камунікабельны. Гэта прыкметна і па тым, як ёміста, не спяшаючыся і лаканічна яна расказвае сваю гісторыю.
Прызнаюся, што слухаць такога чалавека вельмі прыемна.
Большую частку свайго працоўнага дня паштальён праводзіць на вуліцы, на нагах, пры тым, што на плячы ў яе цяжкая сумка.
— Работа мая мне вельмі падабаецца. А штодзённыя турботы ніякім чынам не ўплываюць на пазітыўны настрой. Наадварот, загартоўваюць характар, — кажа жанчына.
Мая суразмоўца дзеліцца назіраннем: нягледзячы на тое, што інтэрнет апанаваў усю інфармацыйную прастору, людзі не сталі выпісваць менш газет.
— Хто раней цікавіўся чытаннем, той і зараз гэта робіць. Але пенсіянеры чытаюць значна больш. Маладыя людзі ў большасці сваёй ідуць за пасылкамі з інтэрнет-магазінаў, — кажа жанчына.
Таццяна Аляксандраўна распавядае, што спіс яе абавязкаў значна большы, чым проста даставіць карэспандэнцыю да адрасата. Трэба расказаць пра навінкі, камусьці парэкамендаваць, што выпісаць у чарговы раз, дзесьці патрэбна і проста выслухаць чалавека. У асаблівасці людзей, якія жывуць адны.
— Яны вельмі мяне чакаюць. А я заўсёды стараюся ўдзяліць час тым, каму гэта так патрэбна, — адзначае мая суразмоўца.
— Лепшая адзнака маёй працы — падзяка людзей, — гаворыць жанчына.
Характэрна, што ў Таццяны Аляксандраўны ніколі не было канфліктаў з кліентамі за ўвесь перыяд працоўнай дзейнасці. Вядома, сітуацыі бываюць розныя. На грубасць яна стараецца адказаць зычлівасцю. Гэта чалавека супакойвае, і да канфліктнай сітуацыі не даходзіць.
На добрым рахунку жанчына і ў кіраўніцтва. “Таццяна Аляксандраўна — чалавек з вялікай літары. Яна не толькі добра выконвае свой працоўны план, але і імкнецца рабіць звыш таго. Гэта бачна і па падпісцы. Дарэчы, раённае выданне “Голас Сенненшчыны” не губляе сваіх пазіцый па колькасці падпісаных асобнікаў. І ў гэтым вялікая заслуга паштальёна. Напрыклад, сёння да адрасатаў яна разнесла 113 экзэмпляраў. Па выніку сярод калег — абсалютны рэкорд”, — адзначае Вольга Духовіч, начальнік аддзялення Сянно-2.
І толькі пад вечар сумка паштальёна паступова пачынае пусцець. Працоўны дзень скончаны, усе лісты і газеты дастаўлены, паведамленні перададзены. Заўтра раніцай зноў трэба быць у аддзяленні паштовай сувязі. Па знаёмым маршруце несці жыхарам райцэнтра свежыя навіны і добры настрой.
Ксенія КРУПСКАЯ.
Фота аўтара.
К республиканской акции «Дай лесу новае жыццё» присоединились сотрудники прокуратуры, суда Сенненского района и районного…
Начальник отдела правовой, аналитической и методической работы аппарата ЦИК Елена Григорович на семинаре "Информационное сопровождение…
Дан старт IV республиканскому правовому турниру для старшеклассников «Сила Закона» Начат прием заявок на участие…
С целью развития туристического потенциала Республики Беларусь и привлечения внимания к богатым охотничьим традициям страны,…
В отделении комплексной поддержки в кризисной ситуации и дневного пребывания для граждан пожилого возраста г.п.…
«Пьяному и бесправному не место на дороге!» Под таким названием в период с 7 по…