В Сенно салоны общественного транспорта обрабатывают дезинфицирующими средствами

 Ва ўсіх аўтобусах, якія вяртаюцца з лініі, на тэрыторыі аўтавакзала ў абавязковым парадку праводзяць сухую і мокрую ўборку салона, паведаміў “ГС” Максім Фёдараў, начальнік участка г.Сянно філіяла “Аўтобусны парк №1 г.Віцебска ААТ ”Віцебскаблаўтатранс”.

 Прыбіральшчыца не толькі збірае смецце, працірае пасажырскія месцы, а таксама месца вадзіцеля, поручні, дзверы, аконныя праёмы, але і праводзіць аэразольную апрацоўку дэзінфіцыруючымі сродкамі. Гэта дазваляе забяспечыць антыбактэрыяльную абарону людзей. Калі аўтобус за дзень двойчы выходзіць на лінію, ён, адпаведна, два разы падвяргаецца ачышчэнню. Штодзень пасля кожнай змены ў аўтапарку мыйшчык арганізоўвае поўную апрацоўку транспарта знутры і звонку.

 “Мы і раней вялікую ўвагу надавалі ўборцы аўтобусаў, імкнуліся зрабіць так, каб пасажырам было прыемна ў іх ездзіць. У сённяшняй сітуацыі ўзмацнілі кантроль,” – адзначыў Максім Фёдараў.

 На аўтавакзале, у дыспетчарскай, на пероне (у месцах масавага збору людзей) таксама апырскваюць дэзінфіцыруючымі сродкамі.

 На адмысловым кантролі ў раёне — забеспячэнне перавозкі дзяцей. Так у школьных аўтобусах, перад тым як яны выедуць на лінію, праводзяць комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на знішчэнне ўзбуджальнікаў інфекцыйных захворванняў.

Ала ЯКАЎЛЕВА.

Фота аўтара.